Былыя кандыдаты ў дэпутаты аб’ядноўваюцца ў асамблею (абноўлена)



У Менску адбудзецца першая сесія Асамблеі народных прадстаўнікоў. У яе войдуць былыя кандыдаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі, якія ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарх. Як распавёў першы намеснік старшыні Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч, плануецца, што ў паседжанні прымуць удзел каля 70 чалавек, тых, хто правёў найбольш моцныя кампаніі ў сваіх акругах і мае падтрымку насельніцтва.

– Адна з асноўных задачаў Асамблеі прадстаўнікоў – гэта правядзенне палітычных і грамадскіх кампаній у падтрымку рэформаў. А таксама супольны ўдзел у распрацоўцы законапраектаў, прапаноў па зменах у выбарчы Кодэкс, іншыя заканадаўчыя акты, якія будуць перадавацца праз дэпутата ад працэнтрысцкай кааліцыі Канапацкую ў Палату прадстаўнікоў.

Таксама звароты і прапановы, распрацаваныя Асамблеяй народных прадстаўнікоў будуць накіроўвацца ў міністэрствы і ведамствы, – сказаў Юрась Губарэвіч.

Самае галоўнае, каб сувязь былых кандыдатаў з іх выбарцамі, з народам, захавалася. Тады за кожнай прапановай апазіцыі, правацэнтрысцкай кааліцыі будзе стаяць падтрымка людзей. Менавіта на гэта і будзе скіравана дзейнасць Асамблеі народных прадстаўнікоў, – лічыць Юрась Губарэвіч.

* * *

Правацэнтрысцкая кааліцыя стварае Асамблею народных прадстаўнікоў, у якую ўвойдуць кандыдаты ў дэпутаты на мінулых парламенцкіх выбарах. Па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, палітычнае рашэнне аб стварэнні асамблеі прынята і 6 кастрычніка адбудзецца яе  ўстаноўчая канферэнцыя.

„Ствараецца пляцоўка, на якой будзе выпрацоўвацца альтэрнатыўнае бачанне развіцця Беларусі,” – сказаў Анатоль Лябедзька.

– Мы гатовы там выпрацоўваць праграмы, праекты законаў, альтэрнатыўнае бачанне. Гэта будзе адбывацца сіламі, намаганнямі тых людзей, хто непасрэдна прымаў удзел у выбарчай кампаніі, з прыцягненнем экспертнай супольнасці. Мы таксама хацелі б выкарыстаць мандат Кляпацкай, магчыма мандат Анісім, каб потым гэта прасоўваць праз Палату прадстаўнікоў, каб гэта былі не толькі напрацоўкі, але і нешта рэалізоўвалася ў практычным жыцці.

Плануецца, што асамблея першапачаткова  будзе налічваць каля 70 чалавек. Сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху „За свабоду”, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Але, па словах Анатоля Лябедзькі, дзверы адчынены і для прадстаўнікоў іншых палітычных сіл.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя