Былы пасол Польшчы: У пытанні Саюза палякаў мы не знайшлі рашэнне



Беларусь і Польшча ў пытанні Саюза палякаў усё яшчэ не могуць знайсці рашэнне, якое задавальняла б абодва бакі, заявіў былы пасол Польшчы ў Беларусі, саветнік дырэктара дэпартамента па кантактах з палякамі за мяжой польскага МЗС Генрых Літвін, выступаючы 19 мая ў Менску на канферэнцыі „25 гадоў знешняй палітыкі Беларусі”.

Літвін адзначыў, што цяпер Польшча прытрымліваецца ў адносінах з Беларуссю „дастаткова актыўнай палітыкі, мэтай якой з’яўляецца знаходжанне сфер канкрэтнага супрацоўніцтва, карысных для двух бакоў”.

„Вельмі прагматычны падыход цяпер, — сказаў ён. — Але існуюць у нашых адносінах старыя складанасці — гэта справа Саюза палякаў, дзе мы прытрымліваемся розных падыходаў. Мы вядзем дыскусію, часам досыць вострую, але дыялог падтрымліваецца. Пакуль не бачым рашэння, якое б задавальняла і беларускі, і польскі бок”.

„Але ў цэлым мы разумеем, што гэта польская меншасць у Беларусі і мы тут толькі вядзем размову, а ўсё вырашаецца ў межах суверэннай дзяржавы. І ўсе гэта разумеюць”, — дадаў Літвін.

Ён таксама адзначыў, што Польшча імкнецца практычна падыходзіць да многіх пытанняў у адносінах з Беларуссю, але не заўсёды ёсць „станоўчы адказ з беларускага боку”.

У прыватнасці, сказаў Літвін, Польшча даўно гатовая да запуску пагаднення аб малым памежным руху, якое палегчыць перамяшчэнне праз беларуска-польскую мяжу жыхарам памежных рэгіёнаў. „Але пагадненне не запускаецца, таму што беларускі бок да гэтага не гатовы”, — адзначыў дыпламат.

Раскол у грамадскім аб’яднанні „Саюз палякаў на Беларусі” адбыўся ў 2005 годзе. З таго часу ў краіне існуюць два СПБ — афіцыйны, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць улады Польшчы. Адразу пасля расколу неафіцыйны СПБ узначаліла Анжаліка Борыс. У чэрвені 2010 года новым старшынёй суполкі стала Анжаліка Арэхва, а ў лістападзе 2012 года — Мечыслаў Яскевіч.

belapan.by