Чаго чакаць ад “працаздольнага” Урада?



Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір распавядае пра тое, на што здольны “стары-новы” Урад.

Як вядома, Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэне пра перапрызначэнне прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ераў. Такім чынам, кіраўніцтва ўраду застаецца ранейшым, нягледзячы на ўсе тыя правалы ў эканоміцы, што адбыліся за апошні год.

“У нас існуе працаздольны ўрад”, — заявіў Лукашэнка.

 66E37741-05F0-48EA-A070-EFE69CAEECF0_cx1_cy1_cw99_mw1024_s_n_r1

Міхаіл Чыгір: Усе застанецца па-старому, на змены спадзявацца не даводзіцца.

РР: Чаму Лукашэнка пакінуў стары ўрад? Бачна ж, што эканоміка ў апошні час знаходзіцца ў рэцэсіі…

Давайце скажам шчыра, што тут не ўсё залежала ад прэм’ера Кабякова. Іншая справа, што нічога не робіцца, каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Урад узяў на ўзбраенне дэвіз: будзем жыць, як і жылі раней. У тым плане, што нічога прадпрымаць не будуць. Рэформаў не будзе, прыватызацыі таксама… А сітуацыя ж будзе толькі пагаршацца. У нас праблемы са знешнім фінансаваннем, таму нічога добрага чакаць не варта.

РР: Кабякоў – не рэфарматар?

Не, і ён сам неяк казаў, што трэба пашырыць вузкія месцы, не змяняючы сістэму.

РР: А ўвогуле, ці мае сёння вагу ўрад у кіраванні сітуацыяй?

Не думаю, што яна вялікая. Калі б яны вылучалі нейкія ідэі, нешта рабілі… Але ж няма такога. І нічога рабіць не будуць. Я, калі ў свой час хацеў падняць кошты ў краіне, то чакаў, калі Лукашэнка з’едзе з візітам з краіны. А сёння ж ніхто нічога самастойна зрабіць не можа.

РР: Які ваш прагноз для беларускай эканомікі на наступны год?

Я – не аптыміст. Мяркую, што нас чакае інфляцыя і падзенне курса нацыянальнай валюты.

Кастусь Заблоцкі, Беларуцскае Радыё Рацыя