Чакаецца візіт у Беларусь віцэ-прэм’ера Польшчы Матэуша Маравецкага



24 кастрычніка ў рамках чацвёртага пасяджэння сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве Беларусь наведае намеснік прэм’ер-міністра, міністр развіцця Польшчы Матэуш Маравецкі.

Паводле інфармацыі сайта Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Маравецкі таксама плануе ўзяць удзел у штогадовым беларуска-польскім эканамічным форуме „Добрасуседства-2016″, які пройдзе ў Менску 24 кастрычніка.

Як паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі, падрыхтоўку да пасяджэння беларуска-польскай камісіі абмеркавалі 19 кастрычніка ў Менску намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына і пасол Польшчы Конрад Паўлік.

10 кастрычніка падчас візіту ў Варшаву міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заяўляў: „Мы дамовіліся аб тым, што мы створым максімальна спрыяльныя ўмовы для правядзення пасяджэння сумеснай міжурадкамісіі, якая адбудзецца 24 кастрычніка гэтага года ў Менску, і зробім усё для таго, каб праца гэтай камісіі была нацэленая на атрыманне канкрэтных вынікаў”.

belapan.by