Чаму адвакатку не ўключылі ў акруговую камісію?



Адвакат Тамара Сідарэнка распавяла пра неабходнасць зменаў у Выбарчым кодэксе.

125019

Мінскія гарадскія ўлады не ўключылі вядомую адвакатку і праваабаронцу Тамару Сідарэнка ў склад акруговай выбарчай акругі.

Тамара Сідарэнка: Я не ведаю, чаму мяне не ўключылі, і якімі крытэрамі кіраваліся тыя, хто фарміраваў спісы. І нават не ведаю, якія кандыдаты ў камісію былі акрамя мяне, бо няма рэальных крытэраў адбору людзей у акруговыя камісіі. Не ведаеш нават, на што спасылацца. Таму Выбарчы кодэкс патрабуе зменаў, каб людзі разумелі, ці правільна ім адмовілі.

РР: Гэта ваша першая спроба патрапіць у акруговую камісію?

Тамара Сідарэнка: Так. А ўвогуле, з Выбарчым кодэксам я гады два таму шчыльна пазнаёмілася, калі  была назіральніцай. Адно можна сказаць – улады прыдумалі вельмі хітрую сістэму фарміравання выбарчых камісій. У мяне па кодэксу ўзнікае шмат пытанняў, я бачу яго недапрацаванасць.

РР: Напэўна, зразумела для чаго гэта зроблена…

Тамара Сідарэнка: Магчыма, хтосьці недаглядзеў Выбарчы кодэкс альбо наадварот – вельмі добра даглядзеў і спецыяльна прымаў у такім варыянце, таму што гэта было выгодна. Але маё неўключэнне ў камісію – прыклад таго, што закон недапрацаваны. І гэта аб’ектыўная рэч.

РР: Улады кажуць, што ў камісію ўключаюцца адукаваныя людзі. Вы колькі гадоў працавалі адвакаткай?

Тамара Сідарэнка: 33 з паловай гады. А ўвогуле, у мяне амаль 40 гадоў працоўнага стажа.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя