Чаму не адбыўся імпічмент Лукашэнку?



20 год таму гэтымі днямі Вярхоўным Саветам 13-га склікання ў Канстытуцыйным Судзе была распачатая працэдура імпічменту Аляксандру Лукашэнку. Пазней яна была сарваная з-за сілавога ціску на дэпутатаў, што паставілі свае подпісы. А таксама з-за высілак высокапастаўленых “міратворцаў” з Масквы. Прадстаўніком групы дэпутатаў па справе імпічменту ў судзе быў тагачасны дэпутат, юрыст па адукацыі Аляксандр Дабравольскі.

img_1316

РР: Чаму імпічмент не адбыўся? Столькі версій, гіпотэз…

Аляксандр Дабравольскі: Трэба гаварыць пра факты. Імпічмент пачаўся, таму што Лукашэнка выдаў 15 указаў, якія пасля Канстытуцыйны суд прызнаў неканстуцыйнымі. І яны не павінны былі дзейнічаць. А Лукашэнка ў адказ выдаў так званае распараджэнне, якое Канстытуцыяй не было прадугледжана, у якім абавязаў усіх чыноўнікаў выконваць яго ўказы. Фактычна Лукашэнка пайшоў супраць закону, і многія дэпутаты Вярхоўнага Савета не маглі змірыцца з тым, што ў нас топчуць закон. І пачалі збіраць подпісы за імпічмент. Трэба было 70 подпісаў, мы сабралі 72, і яны былі пададзены ў Канстытуцыйны суд.

Вось што тады пачалося. Па-першае, подпісаў было мала, запасу амаль не было. А гэта значыць, што дэпутатаў можна “уламаць”, каб яны адазвалі свае подпісы, што ўлада і пачала рабіць. Кагосьці яны пачалі палохаць, у кагосьці звальняць з працы сваякоў, бацькоў, выганяць дзяцей з універсітэтаў. 

Канстытуцыйны суд, у які ўваходзілі вельмі аўтарытэтныя юрысты, праявіў сваю слабасць. Міхаіл Пастухоў, напрыклад, прапаноўваў пачаць справу. Але Канстытуцыйны суд чакаў чагосьці. Вядома чаго. Таму што не толькі Рыгор Васілевіч, а і шмат хто з суддзяў,  былі у кантакце з Адміністрацыяй прэзідэнта. 

Лукашэнка ў гэты час праводзіў рэферэндум пра змяненне Канстытуцыі. Канстытуцыйны суд прызнаў, што гэты рэферэндум  можа мець толькі кансультацыйны характар, таму што тыя пытанні, якія былі зададзеныя, яны не павінны выносіцца на рэферэндум  згодна з Канстытуцыяй і законам пра рэферэндум. Нават гэтага дастаткова, каб прызнаць рэферэндум несапраўдным.

Перад гэтым яшчэ быў выкінуты са свайго кабінета і заменены старшыня ЦВК Віктар Ганчар. Я пры гэтым прысутнічаў. Мяне таксама тры чалавекі выносілі з яго кабінета. І тады з’явілася вядомая сёння ўсім Лідзія Ярмошына, якая абсалютна незаконна была прызначана на гэтую пасаду. Бо пасада старшыні ЦВК была за Вярхоўным Саветам. Толькі Вярхоўны Савет мог абраць старшыню.

У той жа час, як фактычна адбываўся дзяржаўны пераварот, абпрацоўвалі і дэпутатаў, і суддзяў Канстытуцыйнага суда.  І каля 10 дэпутатаў знялі свае подпісы. На гэта спатрэбілася каля тыдня. Некаторыя з іх здымалі подпісы ў адміністрацыі, а пасля прыходзілі да мяне або да Шарэцкага з Карпенкам і зноў падпісваліся…  Але факты гавораць пра тое, што былі злоўжыванні з боку прэзідэнта. Але каб такую справу як імпічмент рабіць, трэба было мець трохі больш моцны парламент.

РР: У тыя часы казалі пра тое, што „прыехаў Чарнамырдзін і зламаў Шарэцкага”.

Аляксандр Дабравольскі: На самой справе гісторыя з гэтай тройкай з Масквы, якая прыехала – Чарнамырдзін, Селязнёў і Строеў, смешная. Таму што яны прыехалі быццам вырашаць палітычны крызіс. Але тое, што яны напрацавалі разам з Шарэцкім і Адміністрацыяй прэзідэнта выглядала настолькі смешна для мяне як для юрыста, што можа нават і лепш, што гэтага не адбылося. Таму што тады пытанне было ў тым, што Лукашэнка хоча Канстытуцыю зрабіць пад сябе, забраць сабе абсалютна ўсе паўнамоцтвы, што ён урэшце зрабіў.

Але што прапанавала гэтая пагадняльная камісія? Шарэцкі меў сябра Строева, які ўзначальваў у свой час Савет Федэрацыі Расеі. Гэтыя людзі абсалютна адарваныя ад народа і ніколі за дэмакратыю не выступалі. Яны прапанаавалі стварыць такую камісію, якая прыме Канстытуцыю. Па-першае, а як гэта нейкая камісія можа прымаць Канстытуцыю?! Толькі парламент можа прымаць. Па-другое, 50% гэтай камісіі прызначыць Лукашэнка і яе старшыню – 51-га – таксама. 50 астатніх прызначыць Вярхоўны Савет. А Вярхоўны Савет мусіць улічваць інтарэсы тых дэпутатаў, якія ў парламенце (а іх было каля 60-ці чалавек) выступалі за Лукашэнку. Яшчэ больш смешным было тое, што калі ўнеслі гэта ў Вярхоўны Савет, на трыбуну выйшаў Канаплёў з мабільным тэлефонам і пачаў нешта пытацца і казаць: “Не, не галасуем”. Прэзідэнцкая фракцыя вырашыла за гэта не галасавць. Вось так часам вырашаюцца дзяржаўныя справы. І гэта бяда.

Кажуць, што людзі не могуць памыляцца. Гэта не праўда. Людзі могуць памыляцца, і ўвесь народ можа памыляцца. Але ў дэмакратычнай дзяржаве памылкі можна выпраўляць. Калі штосьці ідзе не так, то можна выбраць іншага кіраўніка, іншую платформу. А калі памылкі не выпраўляюцца, дык гэта вельмі небяспечна!

На маючых адбыцца выбарах у Палату прадстаўнікоў, нягледзячы на прапановы, Аляксандр Дабравольскі балатавацца не стаў. Маўляў, дэманстратыўна-паказальна.

Гутарыў Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя