Чаму “прэсуюць” анархістаў?



Былы палітвязень Мікалай Дзядок распавёў, чаму на беларускіх анархістаў “накінулася” дзяржаўная прапаганда.

Нагадаем, што ў апошні час на БТ актыўна “працуе” прапаганда, якая ў пратэстных настроях у асноўным вінаваціць арганізатараў акцый і анархістаў. Дарэчы, у Берасці прадстаўнікоў анархісцкага руху адправілі на “суткі”.

Мікола Дзядок: Што датычна анархістаў, то нічога дзіўнага ў такой “увазе” няма. Не палічыце за самарэкламу, але я лічу што анархісты – адзіная палітычная групоўка ў Беларусі, якая не падкантрольная ўладам, на якую няма рычагоў уплыву акрамя прамых рэпрэсіі. Таму з аднаго боку – рэпрэсуюць, з іншага – пачынаюць цкаваць прапагандай са старымі байкамі пра „анархістаў-падрыўнікоў”. Старая апазіцыя (за рэдкімі выключэннямі) засядзелася на сваіх месцах, баіцца рэпрэсій, а таму ніколі не зможа  радыкалізаваць народны пратэст.

РР: На афіцыйным узроўні ўжо было заяўлена, што падчас акцый будуць “выкалупліваць” правакатараў…

Мікола Дзядок: Я думаю, што мы яшчэ ўбачым, як на анархістаў накінецца не толькі БТ, але і некаторыя апазіцыйныя СМІ і палітыкі, называючы іх „правакатарамі”. Прынамсі, першыя ластаўкі ўжо былі. А дзяржаўная машына робіць тое, што мусіць рабіць. Бачыць небяспечную і непадкантрольную сілу, пачынае яе душыць, што цалкам лагічна. Але для мяне і маіх паплечнікаў гэта не з’яўляецца нечаканасцю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя