Чаму Станіслаў Шушкевіч не захацеў павіншаваць Вячаслава Кебіча?



Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў, чаму ён вырашыў не віншаваць з 80-гадовым юбілеем былога прэм’ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча, з якім разам працаваў у 90-я гады.

Станіслаў Шушкевіч: Я пачытаў тое, што Кебіч напісаў у сваёй кнізе, і зразумеў, што я яго віншаваць не хачу. Але пажадаў бы, каб ён усё-такі заставаўся самім сабой. Я некалі захапляўся працавітасцю Вячаслава Кебіча, яго талентам. Але ж хлусіў у сваёй кнізе, не вельмі добра выказваўся пра сваіх паплечнікаў. А сам па сутнасці і не пакаяўся. Адным словам, не той гэта чалавек, каб яго віншаваў.

РР: Вячаслаў Кебіч назваў Белавежскія пагадненні “пераваротам”, у якім сам не прымаў удзел. Маўляў, адказваў толькі за эканамічныя пагадненні…

Станіслаў Шушкевіч: Так, Кебіч забяспечваў прыём гасцей, але, тым не менш, ён быў высокаадукаваным чалавекам і ведаў, што робіцца. Больш за тое – сам вельмі хацеў, каб пад Белавежскім пагадненнем стаяў ягоны подпіс. Нават прасіўся! Хтосьці заняў нейтральную пазіцыю, нехта ішоў на падпісанне сумленна.

РР: Тым не менш, Вячаслаў Кебіч – гэта таксама частка беларускай гісторыі. Ці не так?

Станіслаў Шушкевіч: Зразумела, і Кебіч быў добрым прэм’ерам. Разумны чалавек, разумна паступаў, слухаў дарадчыкаў і навукоўцаў. Не дапускаў, каб чальцы ўрада рабілі глупствы. Як добры кіраўнік рабіў справу, ні на каго асабліва ні крычаў… Быў вельмі моцным дырэктарам завода. Іншая рэч, што меў свае слабасці, якія не далі яму падняцца на самы высокі ўзровень. Таму Кебіч – гэта такая супярэчлівая асоба.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя