Чаму ўкраінцы любяць Лукашэнку?



Аляксандр Лукашэнка займае ва Украіне першае месца сярод самых папулярных замежных лідараў. Згодна з вынікамі дасладванняў недзяржаўнай сацыялагічнай групы “Рэйтынг”, індэкс яго папулярнасці складае 62 %. Найніжэйшы рэйтынг папулярнасці мае Уладзімір Пуцін: 16 %.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Сацыялагічныя даследванні праводзіліся ўкраінскай недзяржаўнай групай “Рэйтынг”. Сацыёлагі звяртаюць увагу, што збольшага высокі рэйтынг Аляксандр Лукашэнка мае толькі ў дэпрэсіўных раёнах Украіны,  а таксама ў жыхароў сталага веку. У заходніх і цэнтральных рэгіёнах, а таксама ва ўніверсітэцкіх цэнтрах украінцы больш прыхільныя да заходніх палітыкаў: Барака Абамы, які мае рэйтынг 54 %, Ангелы  Меркель з рэйтынгам 51 % і Браніслава Камароўскага, сімпатыі да якога выяўляюць крыху больш за 45 % рэспандэнтаў. Да Аляксандра Лукашэнкі там ставіцца адмоўна больш чым за чвэрць апытаных.

Звяртае на сябе ўвагу падзенне папулярнасці Уладзіміра Пуціна. Да анэксіі Крыма і пачатку Антытэрарыстычнай аперацыі яго рэйтынг складаў амаль 61 %. Цяпер адназначна негатыўна да яго ставіцца больш чым тры чвэрці ўкраінцаў.

Сацыялагічная апытанка праводзілася ва ўсіх украінскіх рэгіёнах, акрамя анэксаванага Крыма і Данбаса.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя