„Чарнобыльскі шлях”: Спыніць палітычны Чарнобыль (абноўлена)



Акцыя прымеркавана да гадавіны аварыі на ЧАЭС прайшла ў Менску пад лозунгамі „Спыніць палітычны Чарнобыль” і „Не АЭС у Беларусі”. У ёй узялі ўдзел каля 500 чалавек.

shliach_5

 

Відэа: Аляксей Лапіцкі

Па словах аднаго з арганізатараў мерапрыемства, старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, у гэтым годзе вырашана адмовіцца ад мінтынгу. Практыка мінулых гадоў засведчыла, што мітынгі былі неэфектыўныя і непапулярныя:

– Каб патрапіць на самую пляцоўку, людзям трэба прайсці міліцэйскі агляд. Шмат хто не пагаджаецца на гэта. Гукаўзмацненне нам перашкаджалі даставіць усе мінулыя гады. У выніку мітынг атрымоўваецца вельмі змазаным. І дзеля таго, каб паставіць годную кропку ў сёлетнім мерапрыемстве, мы вырашылі не заяўляць мітынг, а проста пасля таго, як дэманстрацыя прыйдзе да камяня на вуліцы Карастаянавай, ля капліцы зрабіць хвіліну маўчання ў памяць ахвяраў Чарнобыля, ускласці кветкі і запаліць знічы.

Удзельнікі „Чарнобыльскага шляху” перад яго пачаткам прымуць рэзалюцыю. Дакумент будзе раздрукаваны і раздадзены ўдзельнікам дэманстрацыі, як сказаў Аляксей Янукевіч.

Арганізатары жалобнай маніфэстацыі да ўгодкаў аварыі на ЧАЭС правядуць сёлета толькі шэсце — ад мітынгу яны адмовіліся. Напярэдадні заяўнікі падпісалі дамову з міліцыяй пра ахову правапарадку, за што ім прыйдзецца заплаціць 16 мільёнаў рублёў.

„Нам прыгразілі, што калі паслугі не будуць аплачаныя, акцыя дазволена не будзе”, – кажа  адзін з заяўнікаў правядзення „Чарнобыльскага шляху”, сустаршыня арганізацыйнага камітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі:

– Апошнія гады самай галоўнай пагрозай для бяспекі грамадзян, якія ўдзельнічалі ў шэсцях, былі самі супрацоўнікі МУС, незаконныя арышты трактаваліся АБСЕ ды іншымі праваабарончымі арганізацыямі як палітычны ўціск і парушэнне правоў чалавека. Тым не менш, нам паставілі такую ўмову, што яны будуць трактаваць адмову ад падпісання з імі заявы на аказанне гэтых паслуг па ахове, у тым ліку пра аплату, яны будуць трактаваць як парушэнне заканадаўства і па сутнасці гэта будзе азначаць, што „Чарнобыльскі шлях” яны забароняць.

Як распавёў Віталь Рымашэўскі, у выніку бакі прыйшлі да кампраміснага варыянту, што ўсе грошы за „ахову” акцыі будуць пералічаныя на дзіцячы дом.

Чарнобыльскі Шлях-2015 пройдзе ў гэтую нядзелю 26 красавіка ў Менску. Сёлета акцыя пройдзе пад лозунгам „Не расейскай ядзернай пагрозе!”. Збор удзельнікаў акцыі пачнецца а 14-й гадзіне каля кінатэатра „Кастрычнік”. Шэсце пройдзе з 14:30 да 16 гадзіны да памятнага знаку „Ахвярам Чарнобыля” на вуліцы Ліліі Карастаянавай каля парку Дружбы Народаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск