Cтаніслаў Шушкевіч: Камуністычная ідэалогія сядзіць у галовах людзей



Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч успамінае зыходзячы 2015-ы год.

Станіслаў Шушкевіч: Я пачаў гэты год з таго, што быў не зусім здаровы, але зараз цешуся тым, што больш-менш выраўняўся. І ў мяне было вельмі шмат цікавых сустрэч і паездак, якія дазволілі мне лепей зразумець тое, што адбывалася ў гэтым годзе. Я быў на чатырох самітах былых кіраўнікоў савецкіх дзяржаў – у Баку, Сафіі, Бухарэсце і ў Расеі. І з сумам магу канстатаваць, што адступае тое, што мы ў свой час заяваявалі. Усё гэта дзякуючы таму, што камуністычная ідэалогія сядзіць у галовах людзей. Іх вельмі лёгка ўвесці ў зман.

РР: Асабліва, калі людзі самі падманвацца рады…

Станіслаў Шушкевіч: І, калі самі падманвацца рады, і, калі дзяржава свядома падманвае. Раней гэта адбывалася пераважна ў Беларусі, а цяпер такая з’ява стала масавай і ў Расеі. І я вельмі гэтым занепакоены, бо бачу, што людзі, якія захоўваюць сваю чалавечую годнасць, фактычна зневажаюцца разам з усімі дэмакратычнымі падыходамі. Атрымліваецца, што дэмакратыя – гэта дрэнна, што Злучаныя Штаты – самая агрэсіўная дзяржава ў свеце. Вось такая хлусня панавала ўвесь год і працягвае панаваць у мас-медыя. Мне пашчасціла сустракацца з амерыканскімі дзецьмі, з вучнямі звычайнай школы ў вёсцы. І я скажу, што няма ў ЗША жадання рабіць з іншых краін нявольнікаў. Людзі растуць там не з такой філасофіяй і не з такім разуменнем. Яны растуць так, каб адстойваць тое, што было заваявана цяжкім чынам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя