Дарафеева, Улаховіч і Козік адмовіліся ад сустрэчы з журналістамі



Кандыдаты ў дэпутаты Ірына Дарафеева, Мікалай Улаховіч і Андрэй Козік адмовіліся ад удзелу ў сустрэчы з журналістамі, якую 10 верасня арганізаваў у Менску „Прэс-клуб Беларусь”. Паводле слоў арганізатараў, названыя кандыдаты напярэдадні паведамілі, што не будуць удзельнічаць у сустрэчы.

novyy_kollazh1

Удзел у сустрэчы прынялі першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, кіраўнікі руху „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў, актывісты Партыі БНФ Ілля Дабратвор і Алесь Міхалевіч , актывістка камітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Вольга Кавалькова, актывісты Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук і Аляксандр Сыкала, самы багаты кандыдат Максім Крупейчанка і член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, рэжысёр Юрый Хашчавацкі.

Гайдукевіч заявіў, што настроены змагацца за перамогу і сумесна са сваёй камандай падрыхтаваў пакет змяненняў, у якім больш за 100 прапаноў па рэформах у розных сферах. „Перамагаць можна ў любой краіне, пры любым заканадаўстве, нават праз адміністрацыйны рэсурс, таму што калі ты правядзеш актыўную кампанію і заваюеш людзей, то ніякія фальсіфікацыі немагчымыя”, — сказаў Гайдукевіч.

Янукевіч адзначыў, што балаціруецца ў дэпутаты, каб „вызваліць беларускую нацыю ад нацыянальнага і эканамічнага прыгнёту, даць свабоду людзям і бізнесу”, а таксама вызваліць Беларусь ад „тых кабальных умоў”, у якіх яна апынулася з-за цеснага супрацоўніцтва з Расіяй. Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь павінна імкнуцца да актывізацыі адносін з ЕЗ і НАТА.

Дабратвор заявіў, што ідзе ў парламент, каб „абараніць краіну і рэфармаваць сістэму мясцовага самакіравання”.

Дзмітрыеў адзначыў, што удзелам у парламенцкіх выбарах „Гавары праўду” працягвае „рух за мірныя перамены”: „Іду з праграмай развіцця рэгіёнаў — там і пытанні будаўніцтва жылля для моладзі ў рэгіёнах, развіцця малога і сярэдняга бізнесу, сацыяльнай абароны насельніцтва”.

Кучук падкрэсліў, што асноўнай тэмай яго выбарчай кампаніі была антыядзерная тэматыка. Ён таксама адзначыў, што калі не змяніць „саму сутнасць парламента, каб ён стаў заканадаўчым органам і ў поўнай меры выконваў свае задачы, то асабліва рабіць там няма чаго”. „Гэта можа быць магчымасць гаварыць аб праблемах з высокай трыбуны, але не прымаць рэальныя рашэнні”, — сказаў Кучук.

Караткевіч заявіла, што працягвае „змагацца за перамогу і ўдзел у палітыцы”. „Мы падымаем праблемы, з якімі сёння сутыкаецца кожны чалавек, калі сустракаецца з дзяржаўнай сістэмай”, — сказала яна. Пры гэтым Караткевіч падкрэсліла, што „Гавары праўду” будзе працягваць сваю працу да таго часу, пакуль не дасягне сваёй мэты — змяненняў мірным шляхам.

Кавалькова ідзе ў парламент для таго, каб „вырашаць праблемы людзей”. Паводле яе слоў, у ходзе агітацыі падымала розныя пытанні, у тым ліку і праблему чыстай вады ў акрузе, дзе яна балаціруецца.

Губарэвіч адзначыў, што выступае за правядзенне рэформ і сумленных выбараў. Калі б сёння выбары праводзіліся сумленна, заявіў ён, то ў парламенце прадстаўнікі ўлады былі б у меншасці, бо выбаршчыкі не хочуць галасаваць за праўладных кандыдатаў. „Але ўжо цяпер ёсць шмат фактаў парушэнняў, якія кажуць нам пра тое, што, хутчэй за ўсё, ніхто з апанентаў улады ў парламент не патрапіць”, — сказаў Губарэвіч.

Крупейчанка падкрэсліў, што калі будзе абраны дэпутатам, то для яго самым галоўным будзе рэалізаваць сваю перадвыбарную праграму без выдаткаў бюджэтных сродкаў.

Хашчавацкі заявіў, што Беларусі патрэбныя мірныя пераўтварэнні. „Але мірны пераход азначае перадусім злом цяперашняй сістэмы, у тым ліку шляхам трапляння ў парламент хай і невялікай колькасці, але тых людзей, якія могуць гаварыць праўду”, — сказаў ён.

belapan.by