„Дармаеда” Юрыя Шульгана чакае суд (абноўлена)



Прэтэндэнт у прэзідэнты Юрый Шульган і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Павел Канавальчык 20 ліпеня  паўстануць перад судом. Як паведамілі  ва Упраўленні ўнутраных спраў Маскоўскага раёна Менска, на іх складзеныя пратаколы па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства) і 17.3 (з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап’янення) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Да суда абодва затрыманыя будуць знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

darmaed

* * *

Прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі, 38-гадовага беспрацоўнага Юрыя Шульгана не пускаюць у Цэнтрвыбаркам для падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы.

Шульган прыйшоў да будынка ЦВК, аднак супрацоўнікі міліцыі адмовіліся яго прапускаць, заявіўшы, што прэтэндэнт знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Сам Шульган запэўніў журналістаў, што «з раніцы не ўжываў, і нават гатовы прайсці тэст на алкаголь – гатовы дыхнуць». Шульган выказаў надзею на тое, што сёння яму ўсё-ткі „ўдасца прабіцца ў Цэнтрвыбаркам». «Час на гэта яшчэ ёсць», – сказаў прэтэндэнт на вышэйшую дзяржаўную пасаду (дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты ЦВК прымае да 19.00.)

У ініцыятыўнай групе Шульгана 127 чалавек, і прэтэндэнт упэўнены, што з такой колькасцю людзей лёгка можна сабраць 100 тысяч подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам у прэзідэнты.

Беларускае Радыё Рацыя