Дэлегацыя Еўракамісіі наведае пляцоўку Беларускай АЭС



19 верасня намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына сустрэлася ў Менску з дэлегацыяй Еўрапейскай камісіі на чале з намеснікам генеральнага дырэктара па энергетыцы Герасімасам Томасам.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, бакі „абмеркавалі актуальныя пытанні і перспектывы пашырэння супрацоўніцтва Беларусі і Еўрасаюза ў энергетычнай сферы”.

У кантэксце рэалізацыі праекта будаўніцтва Беларускай АЭС Алена Купчына падкрэсліла важнасць ўзаемнага інфарматыўнага і транспарэнтнага дыялогу. Яна таксама інфармавала пра крокі з боку Беларусі па арганізацыі бяспекі і надзейнасці будучай станцыі, пацвердзіла намер беларускага боку завяршыць яе стрэс-тэставанне да канца гэтага года.

Дэлегацыя Еўрапейскай камісіі 20 верасня таксама наведае пляцоўку Беларускай АЭС, дзе на месцы азнаёміцца з ходам яе будаўніцтва і працягне зносіны з профільнымі ведамствамі Беларусі.

Нагадаем, асноўнай тэмай візіту з’яўляецца ацэнка рызыкі і бяспекі атамнай станцыі, што будуецца ў Беларусі, — стрэс-тэсты. Стрэс-тэставанне на АЭС пачалі праводзіць пасля аварыі на японскай атамнай электрастанцыі Фукусіма-1 у сакавіку 2011 года. 23 чэрвеня 2011 года Беларусь далучылася да дэкларацыі аб ўсёабдымнай ацэнцы рызык АЭС, такім чынам пагадзіўшыся правесці стрэс-тэсты для атамнай станцыі з улікам патрабаванняў, распрацаваных еўрапейскай групай рэгулятараў ядзерных аб’ектаў. Дзяржатамнагляд распрацаваў дакумент, у якім фактычна паўтараюцца патрабаванні, што выстаўляюцца да правядзення стрэс-тэстаў у краінах ЕЗ.

by.belapan.by

Фота seogan.ru