Дэлегацыя МЗС Беларусі наведвае Малайзію



Дэлегацыя беларускага знешнепалітычнага ведамства 19-22 кастрычніка наведвае з візітам Малайзію. Узначальвае дэлегацыю намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў, паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык 20 кастрычніка на брыфінгу ў Менску.

Паводле яго слоў, беларуская дэлегацыя правядзе перамовы з намеснікам генеральнага сакратара па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва МЗС Малайзіі Мухамадам Шахрулам Ікрамам і намеснікам міністра замежных спраў Серы Рызалам Мерыканам.

„Падчас сустрэч бакі маюць намер абмеркаваць комплекс актуальных пытанняў двухбаковых адносінаў, уключаючы абмен візітамі дэлегацый рознага ўзроўню, пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і дагаворна-прававой базы, узаемадзеянне ў рамках рэгіянальных і міжнародных арганізацый”, — сказаў Мірончык.

Праграмай знаходжання таксама прадугледжаныя сустрэчы беларускай дэлегацыі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і аграрнай прамысловасці, Міністэрстве міжнароднага гандлю і прамысловасці, Нацыянальнай гандлёва-прамысловай палаце Малайзіі.

belapan.by