Дэмакратычнай кандыдаткай цікавіцца падатковая



Незалежным кандыдатам у дэпутаты прапаноўваюць загадзя заплаціць так званы «падатак за дармаедства». Алене Луцковіч, якая балатуецца па Калінкавіцкай выбарчай акрузе, патэлефанавалі з падатковай інспекцыі. Як распавяла кандыдатка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ёй прапанавалі загадзя заплаціць за тое, што яна на гэты момант нідзе не працуе:

— Сама начальніца падатковай інспекцыі па Акцябрскім раёне вельмі ветліва сказала, што ў іх выбівае, што я беспрацоўная. Таму яна запрашае мяне на размову пра тое, што хоча прапанаваць мне датэрмінова заплаціць падатак за дармаедства, бо тады будзе зніжка. Вядома, я пасмяялася з гэтай прапановы і сказала, што нічога плаціць на ўтрыманне чыноўнікаў я не буду.    

Алена Луцковіч працавала галоўным бухгалтарам у прыватнай фірме да 2014 году. Дырэктар прадпрыемства быў вымушаны пад ціскам звольніць жанчыну пасля таго, як яна балатавалася ў Гомельскі абласны савет.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: gomelspring.org