Дэмакратычныя кандыдаты плануюць пачаць агітацыю за 10 дзён да дня выбараў



Дэмакратычныя кандыдаты плануюць распачаць агітацыю за дзесяць дзён да асноўнага дня галасавання. «Раней пачынаць кампанію мы не можам з-за абмежаванасці рэсурсаў», — патлумачыла кандыдат у дэпутаты па Калінцкавіцкай акрузе Алена Луцковіч:

— Мы зробім асноўны націск на апошнія 10 дзён перад выбарамі, бо людзі забудуць. Дзесяць дзён мы кожны дзень будзем ездзіць па вёсках і ладзіць сустрэчы. Мы не змагаемся за мандат, мы проста праводзім палітычную кампанію. Што б мы не зрабілі ніхто дэпутатам парламента не стане. Таму хаця б выклікаць у людзей цікавасць, каб яны пачалі цікавіцца, каб яны запомнілі сваіх дэмакратычных кандыдатаў.

Кандыдат у дэпутаты Іна Маненкова падкрэслівае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для праўладных дэпутатаў.

— Калі праўладны кандыдат можа заходзіць на нейкі завод і яго з задавальненнем прапусцяць. Для яго збяруць людзей, адарвуць іх ад працы, і ён раскажа ўсё, што хоча. Мне гэтага зрабіць нельга, таму мы цяпер дамаўляемся пра арэнду з домам культуры і хочам сабраць там выбарцаў, каб сустрэцца з імі.

У Гомельскай вобласці мусіць быць абрана 17 дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. За дэпутацкія мандаты спаборнічаюць 67 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель