Дэпутаты не ведаюць, што адказаць



Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адвольна ставяцца да выканання закона пра зварот грамадзянаў. У гэтым пераканаўся праваабаронца, сябра Беларускага хельсінкскага камітэту па Гарадзенскай вобласці Раман Юргель. З васямнаццаці лістоў, што былі накіраваныя дэпутатам і старшыням пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў, прыйшло толькі тры адказы. Пытанне, якое задаваў праваабаронца, гэта нязгода з дэкрэтам “пра папярэджанне з сацыяльным утрыманствам”, які не з’яўляецца канстытуцыйным. Кажа Раман Юргель:

– Гэтыя абраннікі народу не абмеркавалі так, як патрэбна гэты дэкрэт, не ўнеслі прапановы. То як яны працавалі гэтыя паўгады са сваімі выбаршчыкамі? Не праявілі ініцыятыву аб звароце ў Канстытуцыйны суд. Каго выбралі грамадзяне на так званых выбарах, таго мы і маем. Гэтыя тры дэпутаты на пытанне, адкуль браць такую вялікую суму грошай на аплату прымусовай працы, нічога не адказваюць.

Гарадзенскія “слугі” народу Алена Бераснева па 49-ай акрузе, Віктар Лісковіч 51-ай акрузе, Васіль Міхно па 50-ай акрузе ды Аляксандар Мяжуеў па 52-ой акрузе зварот грамадзяніна Рамана Юргеля праігнаравалі.

Беларускае Радыё Рацыя