Дональда Туска дапытвалі ў Варшаве восем гадзін



Прэзідэнта Еўрапейскай Рады дапытвалі ў Варшаве восем гадзін. Дональд Туск заявіў, што справа, з нагоды якой яго дапытвалі ў вайсковай пракуратуры Польшчы ў якасці сведкі, “насіла вельмі палітычны характар”.

Прадметам следства, у якім былы польскі прэм’ер праходзіць як сведка, з’яўляецца “перавышэнне паўнамоцтваў супрацоўнікамі службы вайсковай контр-выведкі, праз супрацоўніцтва са спецслужбамі замежнай дзяржавы, без патрэбнай для гэтага згоды прэм’ер-міністра краіны”.

***

19 красавіка

Старшыню Еўрапейскай Рады Дональда Туска дапытаюць у справе меркаванага супрацоўніцтва польскіх спецслужбаў з Федэральнай службай бяспекі Расейскай Федэрацыі.

Былы прэм’ер-міністар Польшчы бачыць палітычны падтэкст у сваім выкліку ў польскую пракуратуру для дачы паказанняў у гэтай справе.

Пра гэта ён сказаў журналістам перад сваім ад’ездам з Сопату на допыт у Варшаву:

— Пра гэтыя справы я буду сёння гаварыць з пракуратурай. Мы будзем выясняць усе пытанні адносна працэдур. Што тычыцца палітычнай ацэнкі працы польскіх службаў у той час, у мяне няма ніякіх заўваг. Я не маю сумневаў, што гэта частка палітычнага цкавання, зрэшты, аўтары ўсяго гэтага нават не хаваюць.  

Прадметам следства, у якім Туск праходзіць як сведка, з’яўляецца «перавышэнне паўнамоцтваў супрацоўнікамі службы вайсковай контрвыведкі праз супрацоўніцтва са спецслужбамі замежнай дзяржавы без патрэбнай для гэтага згоды прэм’ер-міністра краіны».

Дональд Туск лічыцца адным з галоўных палітычных канкурэнтаў кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы ў 2019 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя