Два гады Антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе. Рахункі.



Два гады таму на усходзе Украіны распачаліся маштабныя вайсковыя дзеі, якія афіцыйныя ўлады Кіева называюць «Антытэрарыстычнай аперацыяй», а людзі, якія ваявалі і ваююць на Данбасе – расейска-украінскай вайной.

Чаму ад самога пачатку ўкраінская армія не адказвала на шматлікія правакацыі сепаратыстаў? Хто ваюе супраць украінскага войска – «данецкія шахцёры з трактарыстамі» ці прафесійныя расейскія вайскоўцы? Якія перспектывы заканчэння тае вайны?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Сяргеем Багукальцам, этнічным беларусам з Сівершчыны, ветэранам Антытэрарыстычнай аперацыі з першага яе дня, удзельнікам абароны Луганскага аэрапорта.

 Сяргей Багукалец: Для мяне асабіста тая вайна пачалася з Луганскага аэрапорта, калі нас, вайскоўцаў з Першай Танкавай брыгады, перакінулі самалётам непасрэдна на абарону таго аэрапорта.

РР: Тады ўжо ўзнікла небяспека захопу?

Яна пачалася толькі праз тыдзень пасля таго, як мы туды прыбылі. Аэрапорт ужо быў у аблозе. Неўзабаве сепаратысты збілі наш вайскова-транспартны Іл-76, тады загінулі сорак дзевяць нашых хлопцаў. У Луганскім аэрапорце мы былі паўтары месяцы ў аблозе. Боепрыпасы і харчаванне перакідаліся паветрам, скідаліся проста з парашутаў. А потым пры дапамозе хлопцаў з батальёну «Айдар» і 128-й брыгады атрымалася прарваць атачэнне і наладзіць сувязь з асноўнай групоўкай нашых войскаў.

РР: Хто вам супрацьстаяў? Пракрамлёўскія сродкі масавай інфармацыі сцвярджалі, што супраць Украіны ваююць выключна «шахцёры і трактарысты» з Данбаса…

Напачатку гэта сапраўды былі пераважна мясцовыя жыхары, якія выступалі з прарасейскіх пазіцый. Але ўжо тады было відно, што з тымі сепаратыстамі шчыльна папрацавалі інструктары з Расеі. Але з восені 2014 года гэта была расейская армія: штатная, добра ўзброеная і навучаная. Абстрэльвалі нас штодня. Спярша – сепаратысты, якія стралялі ў нас з аўтаматаў і РПГ (ручны супрацьтанкавы гранатамёт – РР), але неўзабаве па Аэрапорце пачалі гасіць «Градамі» непасрэдна з Луганска і з боку Расейскай Федэрацыі.

РР: Ва ўкраінскіх гарнізонах у Луганскай вобласці рэактыўных установак «Град» тады не было. Але сепаратысты і расейскія сродкі масавай інфармацыішпарта сцвярджалі, што ўсе «Грады», маўляў, захопленыя ў украінскай арміі. Гэта так?

 — Самыя першыя абстрэлы з рэактыўнай артылерыі былі непасрэдна з боку расейскай мяжы. Тады проста стралялі па жылых кварталах Луганска. А потым ва ўсіх расейскіх медыях гаварылася, што гэта, маўляў, «укропы-каратели». Але па хуткім часе гэтая хлусня была выкрытая. Тады расейцы проста завялі «Грады» у Луганск і распачалі непасрэдна адтуль абстрэлы аэрапорта. Праўда, тады адным залпам выпускалі па 6-8 ракет – бракавала боепрыпасаў. Але ж з прыходам першага пуцінскага «Гуманітарнага канвою», дзе нібыта былі «харчы для мірных жыхароў Луганска», абстрэльваць нас пачалі па поўнай праграме.

РР: У пуцінскіх «гуманітарных канвоях» былі боепрыпасы?

Перакананы, што менавіта так!

РР: Якія страты вы панеслі?

Ад самага пачатку аэрапорт абаранялі ўкраінскія дэсантнікі. Але іх было небагата. Потым на дапамогу прыслалі нашу Першую танкавую брыгаду. Тады і пачалася штатная абарона паводле ўсіх законаў вядзення вайны. Танкі, мінамёты, гаўбіцы, рэактыўная артылерыя выкарыстоўваліся і намі, і расейцамі з сепарамі. Некалькі танкаў мы страцілі ў час прарыву аблогі, калі адтуль сыходзілі. Як цяпер памятаю: адзін – у вёсцы Георгіеўка, адзін – на аб’язной дарозе Луганска. Тады ж мы страцілі і двух нашых чарнігаўскіх хлопцаў. А ведаеце, чаму? Тады пачалі выстаўляцца блок-посты, і нехта з нашых камандзіраў проста «зліў» усю інфармацыю пра іх расейцам. Тыя арганізавалі засаду, і знішчылі нашых адразу, як тыя прыбылі на месца.  

РР: Добра памятаю, як асвятляліся тыя падзеі ва ўкраінскіх сродках масавай інфармацыі. «Баевікі захапілі склад зброі», «баевікі захапілі чатыры танкі ўзброеных сіл Украіны”… Чаму ўкраінскія вайскоўцы не рэагавалі на тыя захопы так, як прапісана ва ўсіх вайсковых Статутах? Чаму не стралялі ў адказ?

Не было адпаведнай каманды. Чаму? А ніхто не хацеў браць на сябе адказнасці. Не было каардынацыі паміж рознымі вайсковымі часткамі, не было каардынацыі паміж украінскім войскам і добраахвотнымі батальёнамі, не было каардынацыі са спецслужбамі…

РР: І вось усё гэта было названа дзіўным такім эўфемізмам «Антытэрарыстычная аперацыя». Чаму, на ваш погляд, у Кіеве саромяцца называць рэчы сваімі імёнамі? Чаму АТА, а не вайна?

Прычына навідавоку. Шмат у каго з нашых палітыкаў – эканамічныя інтарэсы ў Расеі. Той жа прэзідэнт Парашэнка – найяскравейшы прыклад… Іншымі словамі, размова ідзе пра звычайнае шкурніцтва. Так бізнесовыя інтарэсы перавысілі патрыятычныя пачуцці.

РР: Прайшло два гады з таго моманту, як тая Антытэрарыстычная аперацыя распачалася. Што змянілася за гэты час ва ўкраінскім войску?

 — Зарплаты. Яны сталі вышэйшымі. Амуніцыя і запеспячэнне – гэта стала значна лепшым. Навучэнне вайскоўцаў стала сучаснейшым, але гэта найперш дзякуючы канадскім і амерыканскім інструктарам, якія навучаюць украінскіх. З’явілася разгалінаваная валанцёрская сетка. Але пры гэтым амаль усе старыя кадры, усе гэтыя генералы часоў Януковіча засталіся пры сваіх пасадах – у Генштабе, у штабах брыгадаў. І, што самае прыкрае – засталася састарэлая сістэма кіравання войскамі.

РР: Якія перспектывы заканчэння гэтай вайны… ці Антытэрарыстычнай аперацыі, як яе яшчэ называюць? Чаго бракуе ўкраінцам для перамогі ворага?

Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Калі гэта тэрарысты – значыцца, іх і трэба называць тэрарыстамі. Калі гэта вайна – яе правільна называць вайною, а не «антытэрарыстычнай аперацыяй». Ну, і вядзенне паўнавартасных баявых дзеянняў. На мой погляд, цяпер ва Украіне ёсць і сілы, і тэхніка. І добра падрыхтаваныя байцы, якія хочуць заканчэння гэтай вайны нашай перамогай.

За два гады вайны на Данбасе, там, паводле дадзеных ААН, загінула больш за дзесяць тысяч чалавек, сем тысяч з каторых – мірныя жыхары.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: архіў Сяргея Багукальца