Два папярэджанні двум баранавіцкім прэтэндэнтам у кандыдаты



Парламенцкая кампанія – 2016. У Баранавічах за 2 дні 2 папярэджанні прэтэндэнтам у кандыдаты. Баранавіцкія акруговыя камісіі №5 і №6 вынеслі папярэджанні Мікалаю Чарнавусу (малодшаму) –  сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі  і Юрыю Казакевічу – сябру руху “За свабоду”. „Іх абвінавацілі ў агітацыі траіх грамадзянаў, што працуюць на рынку. Гэта Васіль Саўчанка – дырэктар кааператыўнага рынку, Вадзім Карганаў і Сахо Мамедаў. Яны напісалі заявы ў камісіі,” – кажа назіральнік Сяргей Гоўша.

– Юрыя Казакевіча абвінавачваюць у тым, што ў яго на стэнце ўнізе было напісана: „Патрабуем перамен”. Я быў у гэты час на рынку і бачыў. Размаўляў з гэтым дырэктарам рынка. Але ён сказаў, што ніякіх патрабаванняў аб незаконнасці ў яго няма. Шостая камісія таксама вынесла папярэджанне Мікалаю Чарнавусу (малодшаму) нібыта за тое, што ў яго была майка, на якой было напісана “Мільён працоўных месцаў”.

Але такія саколкі ён не раздаваў. Гэта не з’яўляецца агітацыяй за канкрэтнага чалавека. У такіх саколках збіраюць подпісы ўсе сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. І нідзе гэта не лічылі агітацыяй, акрамя Баранавіч, – адзначыў Сяргей Гоўша.

Таму Казакевіч і Чарнавус накіравалі заявы ў Цэнтравыбаркам, у якіх абскардзілі гэтыя папярэджанні.

Беларускае Радыё Рацыя