Дзень салідарнасці ў Паставах і Берасці (абноўлена)



У Дзень салідарнасці грамадскія актывісты Берасця падтрымалі  экс-кандыдата ў прэзідэнты палітвязня  Мікалая Статкевіча.

Яны расклеілі на гарадскіх прыпынках, дошках аб’яваў партрэты Мікалая Статкевіча. Ля партрэта Статкевіча – налепка з лічбай 16 і словамі: Свабоду Беларусі! Такім чынам, актывісты напомнілі жыхарам абласнога цэнтра, што 16 – гэта Дзень салідарнасці з тымі, хто знаходзіцца ў месцах зняволення па палітычных матывах. А такіх на цяперашні момант 6 чалавек: Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка,  Юры Рубцоў.

Па словах актывістаў, хацелася б, каб ведалі, што гэтыя людзі трапілі за краты  за тое, што імкнуліся, каб Беларусь стала свабоднай краінай і заняла сваё пачэснае месца сярод краін цывілізаванага свету.

Фота Беларускага Радыё Рацыя          

* * *

На вуліцах Паставаў з’явіліся дзясяткі новых налепак у штомесячны Дзень салідарнасці. На іх намаляваная лічба «16» і лозунг «Свабоду Беларусі!». Налепкі, як стала вядома Хартыі’97, расклеілі на слупах і дошках аб’яваў.

16 чысла кожнага месяца з’яўляецца Днём салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, а таксама зніклымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі. Акцыі ў гэты дзень традыцыйна праходзяць у Беларусі, а таксама ў шматлікіх краінах свету.

Фота charter97.org