Дзяніс Садоўскі: Для працягу дыялогу Менск мусіць выканаць умовы



Cпыніць рэпрэсіі ў Беларусі, вызваліць палітзняволеных, – без гэтага развіццё адносін Беларусі і Еўразвязу праблематычна, – такую думку выказалі дэпутатам польскага Сейму прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

Дэлегацыя Сейму Рэспублікі Польшча знаходзілася ў Беларусі з 11 па 13 красавіка і мела шэраг сустрэч як з прадстаўнікамі ўлады, так і апазіцыі.

Па словах адказнага сакратара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніса Садоўскага, дэмакратычныя краіны павінны паставіць умовы перад уладамі Беларусі

– Калі сённяшняя ўлада хоча працягваць ці распачаць дыялог з Польшчай, яна павінна, першае, вызваліць палітычных вязняў, спыніць крымінальны пераслед, таксама павінны быць спынены рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных партый, грамадскіх актывістаў, журналістаў, і трэцяе, гэта дазвол на правядзенне акцый “Чарнобыльскі шлях”, 1 траўня і мірны характар іх правядзення, не прымяненне рэпрэсій да мірных удзельнікаў гэтых акцый.

Калі гэтыя ўмовы будуць выкананы, тады ёсць падставы працягваць і нарошчваць той дыялог, які спрабуе весці афіцыйны Менск з заходнімі краінамі, – лічыць Дзяніс Садоўскі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя