Дзяніс Садоўскі: Назіральнікі „Права Выбару-2016” падалі 768 скаргаў



Кампанія назірання за выбарамі “Права выбару” не прызнала вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў сумленнымі і справядлівымі. За час кампаніі назіральнікі зафіксавалі шэраг парушэнняў заканадаўства, фальшаванняў і іншых прыкмет непразрыстасці і несправядлівасці выбарчага працэсу.

“За час выбараў назіральнікі кампаніі падалі 768 скаргаў,” – гаворыць нацыянальны каардынатар кампаніі “Права Выбару-2016” Дзяніс Садоўскі.

– Яны былі звязаныя з неналежным захаваннем скрыняў падчас датэрміновага галасавання ў абедзены перыяд і ў начны час. Такім чынам былі падставы для фальсіфікацыі, маніпуляцыі з вынікамі галасавання. Назіральнікаў пазбаўлялі акрэдытацыі. Таксама найбольшая колькасць скаргаў – гэта на непразрысты падлік галасоў, калі нашых назіральнікаў не падпускалі да сталоў і яны не бачылі рэальных вынікаў у бюлетэнях.

“Усё гэта гаворыць пра адсутнасць празрыстых і справядлівых выбараў у краіне,” – дадаў Дзяніс Садоўскі. Палітык кажа, што ў дзень выбараў з выбарчых участкаў было выдалена ажно 53 назіральнікі ад кампаніі.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя