Дзяніс Садоўскі падаў у суд на Менгарвыканкам



Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Дзяніс Садоўскі, адзін з заяўнікаў акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску, падаў іск у суд Маскоўскага раёна сталіцы на дзеянні Менгарвыканкама.

Як паведаміла прэс-служба аргкамітэта партыі, у скарзе Садоўскі адзначае, што Менгарвыканкам, які даў адказ заяўнікам акцыі менш як за дзень да яе пачатку, парушыў тэрмін прыняцця рашэнняў аб правядзенні масавага мерапрыемства, прадугледжаны артыкулам 6 закона „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, а рашэнне гарадскіх уладаў аб правядзенні масавага мерапрыемства ў парку Дружбы Народаў не было ўзгодненае з заяўнікам.

Як лічыць актывіст, у чыноўнікаў таксама не было падстаў для адмовы ў правядзенні масавага мерапрыемства па маршруце, прапанаваным заяўнікам.

Паводле слоў Садоўскага, дзеянні чыноўнікаў парушылі права заяўніка на арганізацыю і правядзенне масавага мерапрыемства, яго права разам з кіраўніком мясцовага выканаўчага i распарадчага органа ўдзельнічаць ва ўзгадненні месца і часу арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства, а таксама артыкул 6 закона „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Адказны сакратар БХД просіць суд прызнаць незаконным рашэнне Менгарвыканкама ад 24 сакавіка аб правядзенні масавага мерапрыемства, а таксама „незаконным бяздзейнасць Менгарвыканкама, якая выявілася ў несвоечасовым прыняцці рашэння па заяве ад 8 лютага аб правядзенні масавага мерапрыемства 25 сакавіка”.

„Адказнасць за тое, што акцыя была несанкцыянаванай, ляжыць перадусім на мінскіх уладах, бо яны парушылі ўласны ж закон, не даўшы своечасова адказ, тым самым паставіўшы арганізатараў і грамадзянаў у становішча, калі фактычна акцыя была не забароненая, але і дазволу на яе не было. З такім найгрубейшым парушэннем мы не будзем мірыцца, хоць на нашы папярэднія скаргі ўлады адказалі адпіскамі пра тое, што ўсё законна. Але відавочна, што гэта прамое парушэнне заканадаўства. Таму мы падаем у суд, каб выявіць гэта беззаконне і каб улады надалей такога не паўтаралі”, — заявіў прэс-службе Садоўскі.

Як паведамлялася, Менгарвыканкам адмовіў у правядзенні шэсця з нагоды Дня Волі па заяўленым аргкамітэтам маршруце ад Акадэміі навук да парку Янкі Купалы, прапанаваўшы правесці мітынг у парку Дружбы Народаў. У сувязі з гэтым заяўнікі адклікалі сваю заяўку.

25 сакавіка, у Дзень Волі, які штогод адзначае беларуская апазіцыя, толькі ў Менску было затрымана прыблізна 700 чалавек. 26 сакавіка ў сталіцы былі затрыманыя яшчэ больш за 20 чалавек, якія выйшлі ў цэнтр горада, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі напярэдадні. У той жа дзень 40 чалавек былі затрыманыя ў Бабруйску. Яшчэ некалькі чалавек былі затрыманыя ў іншых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Мазыры, Гомелі, Віцебску.

Паводле звестак праваабаронцаў, у судах Менска 27 сакавіка адбыўся разгляд прыкладна 145 адміністрацыйных спраў. Людзей прыгаворвалі да арыштаў альбо штрафаў.

БелаПАН