Эксперт: Сілавікі заўсёды стараюцца сябе апраўдаць



Абараняцца нападаючы. Так палітычны аналітык Аляксандр Класкоўкі ў нашым эфіры пракаментаваў выказванні дзяржаўнага сакратара Рады Бяспекі Рэспублікі Беларусь Станіслава Зася. У інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе» той сказаў, што на Дзень Волі ніводны міліцыянт у Менску не дастаў дубінкі. Але у СМІ трапіла шмат фотасведчанняў адваротнага, як міліцыя жорстка збівае асобных дэманстрантаў.

Абараняцца – гэта звычайна для сілавікоў – заўважае Аляксандр Класкоўскі.

– Натуральна тут працуе карпаратыўнае паняцце гонару мундзіра. А іначай кажучы – трэба так ці інакш казаць, што ўсё ў межах нормы і ніякіх злоўжыванняў сілай не было. Сілавікі ва ўсім свеце стараюцца сябе апраўдваць і выдумляць усялякія жахі і страшылкі, чаму яны так дзейнічалі. У Беларусі ж яшчэ такая своеасаблівая, спецыфічная сістэма, бо гэта рэжым аўтарытарны, рэжым, які ў прынцыпе абапіраецца на грубую сілу.

Таксама дзяржаўны сакратар Рады Бяспекі Беларусі Станіслаў Зась ухіліўся ад адказу на пытанне: колькі каштавала вывесці тэхніку і такую колькасць сілавікоў у раёне ЦУМа і Акадэміі навук 25 сакавіка? Ён сказаў, што «лічыць выдаткі на колькасць людзей, якія забяспечвалі парадак на вуліцы, няправільна».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org