Эксперты: Лукашэнка ўхіліўся ад абмеркавання рэальных праблем



У пасланні да беларускага народа і парламента Аляксандр Лукашэнка ўхіліўся ад сур’ёзнага абмеркавання рэальных праблем, якія стаяць перад краінай і хвалююць большасць грамадзян, лічаць аналітыкі.

„За два гады сярэдняя зарплата ўпала ў два разы ў валютным выражэнні, — зазначыў палітолаг Валер Карбалевіч. — Для любой краіны гэта стала б катастрофай, сведчаннем крызісу і краху, галоўнай тэмай, пра якую павінны казаць усе — грамадства, улада, урад, парламент, Лукашэнка ж наогул сышоў ад канстатацыі факту крызісу, абмеркавання яго прычын, ад пытанняў, што рабіць і як з яго выйсці”.

Паводле слоў палітолага, пасланне ўяўляла „набор патрабаванняў і рэцэптаў, якія Лукашэнка дае ўжо 20 гадоў і якія сёння зусім не працуюць”. „Мы бачылі дэвальвацыю слоў, указанняў. Тыя словы, якія ён казаў, ужо ўсім надакучылі, нічога новага ён сказаць не можа”, — лічыць Карбалевіч.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на крытычныя выказванні беларускага кіраўніка ў адрас Расеі: „Лукашэнка крытыкаваў Расею, палемізаваў з прэм’ер-міністрам Мядзведзевым, расіейскімі СМІ, якія няправільна інтэрпрэтуюць палітыку Беларусі. Ён даказваў, што яны не маюць рацыю, што Беларусь не паварочвае на Захад, што ў Беларусі няма нацыяналізму”.

У цэлым жа, лічыць палітолаг, нічога праграмнага ў пасланні Лукашэнкі не было. Тым больш што ён і сам першапачаткова папярэдзіў: выступленне не будзе насіць стратэгічнага характару, дадаў Карбалевіч.

Эканаміст Яраслаў Раманчук убачыў падчас паслання „стомленага Лукашэнку, які кажа збітыя клішэ і паўтарае штампы для каманды лянівых безуважных выканаўцаў”.

„Прыкметны тупік у тэорыі і практыцы, няведанне таго, што трэба рабіць. У чалавека фізічна па-ранейшаму шмат сіл у выглядзе сілавых структур, але ён не ведае, што з гэтым усім рабіць. Нічога, акрамя не пускаць, забараняць, прыпісваць, ён не можа. Лукашэнка сам робіцца галоўным фактарам пагаршэння крызісных з’яў у беларускай эканоміцы”, — зазначыў Раманчук.

Лукашэнка не прызнае ўласных памылак у эканамічнай палітыцы, дадаў эканаміст. Напрыклад, паводле яго слоў, кіраўнік дзяржавы „абсалютна неадэкватна апісвае якасць дзелавога клімату і падатковай сістэмы”, якая кардынальна перашкаджае эканамічнаму развіццю.

На думку эксперта, Аляксандру Лукашэнку відавочна не дае спакою праграма „Мільён новых працоўных месцаў” (перадвыбарная праграма Раманчука на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.). „Сумна, што ён да гэтага часу не разумее, што без дэцэнтралізацыі эканамічнай улады, уласнасці і рэсурсаў, без разняволення духу прадпрымальніцтва стварыць нават 50 тысяч новых працоўных месцаў немагчыма. Калі чыноўнікі і губернатары будуць адказваць за новыя працоўныя месцы, то яны ствараюць сабе памочнікаў і новыя структуры на грошы падаткаплацельшчыкаў. Гэта будзе яшчэ большае пагаршэнне праблем выкарыстання грошай банкаў, гэта шлях у нікуды”, — зазначыў эканаміст.

Адзінае, што прадэманстравала сённяшняе пасланне, — гэта страх Лукашэнкі перад Крамлём, які можа прыцягнуць яго, як саюзніка, „да адказнасці за знешнепалітычнае свавольства ў выглядзе візітаў ва Украіну і Турцыю, а таксама за спробы зрабіць дыверсіфікацыю эканомікі за кошт нармалізацыі адносін з ЕЗ”, лічыць Раманчук.

belapan.by