Эксперты: Рэферэндум быў фактычна дзяржаўным пераваротам



Рэферэндум аб зменах у Канстытуцыі быў фактычна дзяржаўным пераваротам. Такую думку выказалі ўдзельнікі сустрэчы Экспертнага клуба, прысвечанага 20-годдзю правядзення антыканстытуцыйнага рэферэндуму. Каб супрацьстаяць правядзенню незаконных рашэнняў нядаўна абранага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, дэпутаты Вярхоўнага Савета прынялі тады рашэнне аб правядзенні працэдуры імпічменту.

Гаворыць былы дэпутат Вярхоўнага Савета Аляксандр Дабравольскі:

– Працэс імпічменту быў выкліканы не тым, што прэзідэнт хацеў унесці змены ў Канстытуцыю, а тым, што трэба было выконваць яго загады, якія былі адмененыя Канстытуцыйным судом. То бок гэтыя два працэсы ішлі паралельна ў той самы час. Фактачна вялося змаганне прэзідэнта з парламентам, а парламента – з парушэннямі з боку прэзідэнта.

У выніку спроба імпічменту правалілася з-за ўплыву розных фактараў, у тым ліку недальнабачнасці дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Аднак праз 20 гадоў варта зрабіць з гэтага адпаведныя высновы, каб выправіць сітуацыю з вяртаннем у канстытуцыйнае поле ў будучым – пагадзіліся ўдзельнікі сустрэчы.

Беларускае Радыё Рацыя