Экзітпол: Лукашэнка набірае амаль 83% галасоў 



Паводле дадзеных экзітполаў, Аляксандр Лукашэнка набірае амаль 83% галасоў выбаршчыкаў, паведамляе tut.by.

Згодна з яго інфармацыі, у Аляксандра Лукашэнкі 82,9% галасоў выбаршчыкаў, у Сяргея Гайдукевіча – 4,8, Таццяны Караткевіч – 4,3, Мікалая Улаховіча – 2,1. Супраць усіх, па дадзеных апытання, прагаласавалі 5,9% выбаршчыкаў.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына агучыла вынікі выбараў на закрытых участках – у бальніцах і вайсковых частках. У апошніх гэтыя лічбы асабліва паказальныя:

– Ну калі казаць па войску, то там ва ўсіх закрытых вайсковых частках прагаласавала 100% выбаршчыкаў, і першае месца на выбарах заняў Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч, за якога прагаласавала каля 98%. На другім месцы натуральна і гэта зразумела для войска – прыгожая жанчына, спадарыня Караткевіч. Ну далей спадар Гайдукевіч, у яго 1 з невялікім працэнт, і спадар Улаховіч.

Нагадаем, для правядзення апытанняў па прэзідэнцкіх выбарах і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне акрэдытаваны шэсць сацыялагічных структур: Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта, Магілёўскі інстытут рэгіянальных сацыяльна-палітычных даследаванняў, Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага універсітэта, моладзевая лабараторыя сацыялагічных даследаванняў Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў „Беларускі камітэт моладзевых арганізацый”, а таксама Інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў „Еўразійскі барометр”.

Беларускае Радыё Рацыя