Эстонія прысудзіла расейскаму шпіёну 5 гадоў турмы



Суд у Эстоніі прыгаварыў грамадзяніна Расеі 30-гадовага Арцёма Зінчанку да 5 гадоў турмы за супрацу з расейскімі спецслужбамі.

Зінчанка жыў у Эстоніі, меўшы від на жыхарства, з 2013 года. Паводле звестак эстонскага суда, ён з 2009 года быў завербаваны Галоўным выведчым упраўленнем Расеі і апошнія чатыры гады займаўся зборам інфармацыі пра перамяшчэнне вайскоўцаў у Эстоніі і пра аб’екты, якія ўяўляюць дзяржаўную важнасць.

Пра тое, што спецслужбы Эстоніі затрымалі супрацоўніка ГРУ, стала ведама ў красавіку 2017 года, але яго імя не паведамлялася. Само затрыманне адбылося яшчэ ў пачатку студзеня 2017 года.

Сабраныя цягам сваёй таемнай агентурнай дзейнасці звесткі Арцём Зінчанка неаднаразова перыядычна перадаваў супрацоўнікам ГРУ праз сродкі сувязі, а таксама на сустрэчах у Пецярбургу. 

Беларускае Радыё Рацыя