Еўрачыноўнікі наведаюць Беларусь



Дваццаць першага лістапада Камітэт Еўразвяза па палітыцы і бяспецы наведае Беларусь.

ЕЗ Беларусь

Дэлегацыю ўзначаліць пасол Вальтэр Стывенс, старшыня Камітэта.

Падчас свайго знаходжання ў Менску дэлегацыя абмяняецца поглядамі на стан і перспектывы адносінаў паміж ЕЗ і Беларуссю з прадстаўнікамі ўладаў, палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Гаворыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька: 

– Яны правядуць маніторынг сітуацыі, абмеркаванне прапаноў супрацы з Беларуссю. Мы, канешне, будзем даваць ацэнку выбарчай кампаніі як нелегітымнай. Нам трэба рабіць акцэнт на тое, што праз год пачнецца мясцовая выбарчая кампанія. Трэба дабівацца змены выбарчага заканадаўства і, канешне, – эканамічны пакет, сістэмныя рэформы. Калі ўлада будзе гэта рэалізоўваць, хай пад гэта будуць і крэдыты, і інвестыцыі. Мы не будзем супраць гэтага. 

Камітэт па палітыцы і бяспецы складаецца з амбасадараў краін ЕЗ, якія працуюць ў Бруселі. Гэта пастаянная структура Савета Еўрапейскага звяза.

Задача Камітэта – сачыць за развіццем міжнароднага становішча ў сферах, на якія распаўсюджваецца Агульная знешняя палітыка і палітыка бяспекі ЕЗ, і інфармаваць Савет міністраў Еўрапейскага саюза. Камітэт адыгрывае ключавую ролю ў палітычным дыялогу ЕЗ.

Беларускае Радыё Рацыя