Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі



Прагрэс Беларусі ў адстойванні дэмакратычных каштоўнасцяў з’яўляецца недастатковым, гаворыцца ў прынятай 24 лістапада Еўрапарламентам рэзалюцыі па Беларусі.

 

У дакуменце адзначаецца, што ў Беларусі па-ранейшаму з’яўляюцца палітвязні, пераследуецца апазіцыя, прымяняецца смяротнае пакаранне. Таксама, на думку еўрапарламентарыяў, Беларусь не ў стане вырашыць сумненні адносна бяспекі атамнай станцыі, якая будуецца ў Астраўцы.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што з 1994 года ў краіне не было свабодных і сумленных выбараў, а спробы дамагчыся гэтага пры правядзенні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у 2015 годзе і 2016-м аказаліся недастатковымі. Ключавыя сектары беларускай эканомікі па-ранейшаму знаходзяцца пад дзяржаўным кантролем, ніводнай новай палітычнай партыі не было створана ў краіне з 2000 года, улады знайшлі новыя шляхі для пераследу і нават зняволення ў турму апазіцыі, заяўляюць еўрапарламентарыі.

Яны заклікалі беларускія ўлады спыніць падобную практыку, а таксама зноў заявілі пра гатоўнасць Еўрапарламента падтрымліваць прадэмакратычныя памкненні беларускага народа.

Дэпутаты таксама заклікалі Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў і Еўракамісію прадоўжыць і ўзмацніць падтрымку беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці як у Беларусі, так і за яе межамі.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да Беларусі далучыцца да мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены.

Акрамя таго еўрадэпутаты выказалі занепакоенасць у сувязі з бяспекай будаўнічых работ на пляцоўцы Беларускай АЭС, якая знаходзіцца менш як за 50 км ад літоўскай сталіцы. Яны заклікалі да міжнароднага кантролю за будаўніцтвам АЭС, каб гарантаваць адпаведнасць праекта ўсім нормам ядзернай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя.

За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 468 дэпутатаў, 21 супраць і 93 устрымаліся.

belapan.by