Еўрапейскія рэфарматары сыходзяць з ураду Украіны



Міністр эканамічнага развіцця Айварас Абрамавічус абвесціў пра сваю адстаўку. Галоўная прычына, паволе Абрамавічуса – карупцыя ва ўладзе і нежаданне праводзіць палітычныя рэформы.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

На брыфінгу Айварас Абрамавічус фактычна абвінаваціў каманду прэзыдэнта Пятра Парашэнкі ў карупцыі і заявіў, што ў падобных умовах ён надалей працаваць не можа.

Год таму Абрамавічус адмовіўся і ад літоўскага грамадзянства, і ад кар’еры ў структурах Еўразвяза, каб дапамагчы камандзе рэфарматараў Пятра Парашэнкі. За год Абрамавічус зрабіў багата карыснага, але ж цяпер, паволе экс-міністра, ва Ўкраіне склалася сітуацыя, калі немагчыма эфектыўна рэфармаваць эканоміку. Так, паводле былога міністра эканомікі, яго працы моцна перашкаджаў Ігар Кананенка, першы намеснік парламенцкай фракцыі “Блок Пятра Парашэнкі”. Ён навязваў сваіх людзей і прапаноўваў карупцыйныя схемы. “Я разглядаю гэта толькі як настойлівую спробу кантраляваць грашовыя плыні”, – патлумачыў Айварас Абрамавічус.

Заява Абрамавічуса справакавала гучны скандал ва ўкраінскай палітыцы. Штабы Пятра Парашэнкі ўжо атрымалі ўказанне рыхтавацца да пазачарговых выбараў у Вярхоўную Раду. Пазачарговыя выбары могуць адбыцца ўжо ў верасні.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя