Еўразвяз можа павялічыць фінансавую падтрымк Менску



Прыпыненне санкцый у дачыненні да афіцыйнага Менску і шэрагу прадпрыемстваў паўплывае на атрыманне дадатковай падтрымкі Беларусі з боку Еўразвязу. У тым ліку на выпадак патэнцыйнага пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў Расеі, эканамічных адносінаў з Расеяй, альбо агрэсіі з яе боку, – мяркуюць эксперты.

Паводле палітолага Юрыя Чавусава, большасць грошай з Еўразвязу атрымаюць менавіта дзяржаўныя структуры пад канкрэтныя праекты:

– Абвешчана, што ў два разы павялічыцца аб’ём дапамогі з боку Еўразвязу для Беларусі. Напэўна, гэтае павелічэнне адбудзецца за кошт тых сродкаў, якія наўпрост ідуць дзяржаве. Я маю на ўвазе, што яна не пойдзе прыцяржаўным і псеўдаграмадскім арганізацыям. Менавіта дзяржаўным органам пад дзяржаўныя інфраструктурныя праекты, кшталту абсталявання мяжы ці праектаў, звязаных з экалогіяй. Паглядзім,  якой будзе рэакцыя сапраўднай грамадзянскай супольнасці на гэтую новую сітуацыю. Я тут хучэй аптыміст.

Кожны год Беларусь атрымлівае ад буйных еўрапейскіх донараў каля 60-ці мільёнаў еўра, і большасць з гэтых грошай, паводле падлікаў экспертаў нават 80-90 працэнтаў, атрымлівае дзяржава. Астатнія сродкі накіраваны на развіццё грамадзянскай супольнасці.

Галоўныя донары Беларусі – гэта інстытуты Еўразвязу, Нямеччына, Польшча, Швецыя і Злучаныя Штаты.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя