Еўразвяз падвоіць фінансавую дапамогу Беларусі



Еўразвяз падвоіць аб’ём фінансавай дапамогі Беларусі на наступны год. На перамовах дэлегацыі Еўразвязу з намесніцай міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной у Менску, бакі зацвердзілі парадак дня далейшай рэалізацыі праграмы “Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі Беларусі”.

Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік дэлегацыі Еўразвязу Гунар Віганд:

– У Менску з пачатку тыдня працуе місія экспертаў, якія занятыя вызначэннем прыярытэтных кірункаў супрацы на 2016 год. Яны вызначылі наступныя кірункі: рэгіянальнае развіццё, малы і сярэдні бізнес, мабільнасць і міграцыя і тэхнічная дапамога ў вырашэнні эканамічных задач. Мы падвоім аб’ём фінансавай дапамогі на наступны год.

На сустрэчы бакі таксама абмеркавалі магчымасць дапамогі Беларусі ў пытанні ўваходжання ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, а таксама ў пытанні дадатковага фінансавання з боку міжнародных інстытутаў. Віганд заявіў, што далейшыя крокі “будуць звязаны з вынікам перыядычнага агляду Савета па правах чалавека ААН”, а таксама з вынікам “канчатковай справаздачы місіі АБСЕ, якая назірала за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі”.

Паводле БелаПАН

Фота hrc.tj