Гайдукевіч не змог прыехаць у Гародню



У Гародні адмененая сустрэча кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Гайдукевіча з выбарцамі, правядзенне якой планавалася 8 кастрычніка.  Прычынай стаў стан здароўя каныдата, які пагоршыўся перад маючым адбыцца прыездам у горад над Нёманам.

1016132271Як зазначае Аляксандар Талстой, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты і старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі, здзейсніць правядзенне паўнамаштабнай выбарчай кампаніі Сяргея Гайдукевіча на Гарадзеншчыне  не атрымалася: сябры ліберальна-дэмакратычнай партыі зладзілі на працягу месяца агітацыі толькі некалькі пікетаў:

– На жаль, ён не змог прыехаць у Гародню. Сябры партыі агітуюць за Сяргея Гайдукевіча, раздаюць календары з нашым лідарам, улёткі, дзе выкладзена яго стратэгія.

Сяргей Гайдукевіч і яго ініцыятыўная група падчас кампаніі па зборы подпісаў сабралі на захадзе Беларусі найменшую іх колькасць: з больш як ста сарака тысяч  на Берасцейшчыне сабрана 5 053 подпісаў, а на Гарадзеншчыне – 6 372. Гэтыя паказчыкі ў некалькі разоў саступаюць тым, што былі адзначаныя на ўсходзе краіны.

Беларусае Радыё Рацыя, Гародня

Фота sputnik.by