Галіна Скараход: Ад бязвізавага ўезду – адны плюсы



Першая намесніца старшыні Руху “За свабоду” Галіна Скараход распавядае пра перспектывы падаўжэння тэрміна бязвізавага ўезду ў Беларусь для замежнікаў.

Як ужо паведамлялася, у выпадку падаўжэння тэрміну бязвізавага ўезду ў Беларусь для замежнікаў гаворка можа весціся прыкладна пра 12—14 дзён, пра што заявіў прадстаўнік МЗС.

Галіна Скараход: Гэта цудоўная ініцыятыва, але, на мой погляд, трэба было адразу прыняць рашэнне, якое б не вымушала нейкіх дадатковых крокаў. Навошта было спачатку ўводзіць норму бязвізавага ўезду ў краіну тэрмінам на 5 сутак, а затым думаць, каб яго падоўжыць? Лічу, калі Беларусь усё ж такі вырашыла быць адкрытай для іншых краін, то гэта будзе добра і для развіцця турыстычнай сферы, і для развіцця бізнесу ў краіне, і для стварэння станоўчага іміджу ў свеце. Тут я бачу адны плюсы.

РР: А ці прысутнічае тут палітычны момант, бо Расея даволі нервова адрэагавала на такія крокі беларускіх уладаў?

Галіна Скараход: Безумоўна, бо мы ведаем, у якіх адносінах зараз знаходзяцца Менск і Масква. Але ў любым выпадку трэба заўсёды памятаць, што Беларусь – незалежная краіна, якая мае права прымаць тыя рашэнні, якія палічыць патрэбнымі. Расейцы заяўляюць, што яны ў гэтай сітуацыі баяцца наплыву да іх праз беларуска-расейскую мяжу замежнікаў, але ж на тое і адпаведныя службы, каб яны працавалі.

РР: А можа Крэмль непакоіць, што такім чынам Беларусь больш зацікавілася еўрапейскім накірункам?

Галіна Скараход: А чаму мы не павінны выбудоўваць нармальныя стасункі з цывілізаванай Еўропай? Любая краіна выбірае той шлях, які зручны для яе людзей і для яе эканомікі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pyx.by