Гандаль зброяй узмацняе эканоміку Беларусі



mzkt_74135„Прыватны сектар і экспартны прыбытак даюць штуршок беларускай абароннай прамысловасці,” – адзначыў на старонцы „Belarus Digest” дырэктар па даследаваннях Цэнтра Астрагорскага Сяргей Богдан. Такія высновы ён робіць на падставе афіцыйных і ўскосных паведамленняў, датычных беларускай зброі, якая рэалізуецца па-за межамі Беларусі.

Нацыянальная абаронная прамысловасць, якая ў 90-х гадах нагадвала кволы фрагмент савецкай абароннай прамысловасці, здолела з часам стаць істотнай часткай беларускай эканомікі, як адзначае Сяргей Богдан.

Сяргей Богдан: Гэта крыху сцверджанне саміх афіцыйных асобаў. Што больш-менш зразумела, дык гэта тое, што такія сцверджанні на пэўных рэчах грунтуюцца. Бо незалежныя ад беларускага ўрада крыніцы (гэта самыя розныя лакальныя крыніцы ў розных частках свету) сапраўды паказваюць, часам ненаўмысна, узоры або беларускай тэхнікі, або тэхнікі, якая была мадэрнізавана беларускімі фірмамі. Таму гэта такое ўскоснае пацверджанне слоў афіцыйнага Менска пра тое, што ёсць поспехі. Гэта і рэгулярныя з пачатку 2010-х гадоў заявы пра рост прыбыткаў ад вытворчасці вайсковага абсталявання і тэхнікі. Тут можна з упэўненасцю казаць пра тое, што, хутчэй за ўсё, адбыліся дзве вялікія, нават, можна сказаць, рэвалюцыйныя змены ў нацыянальнай абароннай прамысловасці.

Найперш гэта напрыканцы 2000-х гадоў – пачатку 2010-х, калі пачало атрымлівацца ў беларусаў ствараць новыя канчатковыя прадукты, якія можна прадаваць. Можа, гэта невялікія ўзоры вайсковай тэхнікі, але тым не менш: супрацьтанкавыя ракеты, новыя варыянты з электронікай, сістэмы супрацьпаветранай абароны. І гэта адна са зменаў, якая не з’яўляецца сама сабой зразумелай. Бо вельмі цяжка, а ў многіх постсавецкіх краінах папросту не змаглі перайсці ад продажу рэшткаў старой да вытворчасці новай прадукцыі. Я магу прывесці тут шэраг прыкладаў. Напрыклад, той жа Узбекістан ці Грузія, якія мелі ў пэўным сэнсе некаторыя вытворчасці лепшыя за беларускія, мелі для гэтага лепшы патэнцыял. Але, тым не менш, пасля продажу нейкіх рэшткаў старой зброі да ўзораў новай прадукцыі яны не змаглі перайсці.

І другая тэндэнцыя, што, безумоўна, вельмі істотна: нейкім ціхім, незаўважным чынам фактычна паўстаў вялікі прыватны сегмент, які пачаў паспяхова працаваць. І гэта, у прынцыпе, цікавая рэч, якая можа стаць мадэллю для іншых галінаў беларускай прамысловасці, калі без нейкай глабальнай прыватызацыі і ўсіх злоўжыванняў, якія даволі часта мелі месца падчас прыватызацыі на постсавецкай прасторы, адбываецца нейкая паступовая трансфармацыя ў плане вырошчвання прыватнага сектара ў тых галінах прамысловасці, якія ўжо ёсць. І абаронная прамысловасць у гэтым плане сёння падаецца паспяховым прыкладам.

РР: Калі казаць пра месца беларусаў у гандлі вайсковай прадукцыяй, ці па-ранейшаму мы ўваходзім у дзясятку краінаў, якія маюць найбольшы прыбытак з продажу зброі?

Сяргей Богдан: Уваходжанне беларусаў у тую дзясятку было даволі спекуляцыйным. Трэба разумець, што гандаль зброяй насамрэч вельмі моцна завязаны на першыя краіны альбо пяцёрку з іх. І каб скокнуць у дзясятку, трэба было прадаць шмат дарагой авіятэхнікі, якая на той момант была ў Беларусі. Адпаведна тое, што мы трапілі туды, не было вялікай заслугай.

Тое, што мы там не знаходзімся цяпер, таксама відавочна. Тут трэба разумець параметры Беларусі: гэта невялікая ўсходнееўрапейская краіна, якая дагэтуль перажывае мноства адмоўных наступстваў таго, што савецкая прамысловасць будавалася як адзін комплекс. А цяпер даводзіцца перабудоўваць гэта на адну невялічкую краіну. Таму тое, што было дасягнута, – гэта хутчэй ілюстрацыя жоўтай газетнай сенсацыі, якая дагэтуль перашкаджае зразумець, што нядрэнныя, у прынцыпе, вынікі былі дасягнуты ўпартай працай прадпрымальных людзей, якія працуюць у абароннай прамысловасці, і могуць быць мадэллю для іншых галінаў прамысловасці. Пытанне не толькі ў беларускім урадзе. Я думаю, гэта перадусім заслуга саміх прадпрыемстваў і людзей, якія там працуюць.

Слухайце поўны гук у далучаным файле.

Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі праінфармаваў, што за першую палову 2016 года прыбытак прадпрыемстваў ваеннай прамысловасці Беларусі склаў 80 мільёнаў даляраў ЗША, перавысіўшы заяўлены план на чвэрць.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота military-today.com