Суд вынес рашэнне па скарзе Гарадзенскага БНФ



Сябры партыі БНФ Эдвард Дмухоўскі і Віктар Ешану  так не сталі сябрамі акруговых камісіяў Гарадзеншчыны № 51 і  58. Гарадзенскі абласны суд пакінуў рашэнне Прэзідыума Рады абласных дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэту ў сіле. Прадстаўнік сяброў партыі ад Сойма  Вадзім Саранчукоў, хаця ў ходзе суда і выявіў некалькі парушэнняў выбарчага закону прадстаўнікамі ўлады, не здолеў дамагчыся справядлівасці.

— Маё галоўнае пытанне было ў тым, на падставе чаго дакладчыкам рэкамендавалася сябрам фармуючага органа ўключаць ці не ўключаць тых ці іншых  прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій. Гэтае пытанне ставілася неаднаразова, але адказу ні з боку прадстаўніка адказчыка, ні адказу на хадайніцтва запатрабаваць пісьмовага адказу ад таго дакладчыка: адказу не было і хадайніцтва было адхіленае. Я думаю, што я к і ва ўсёй Беларусі, і пытанне вынесенае як палітычна матываванае. Пра гэта можа сведчыць нават пазіцыя пракурора, якая выступала ў судовым паседжанні. Тыя довады, на тыя аргументы, што прыводзіліся, яна ўспрыняла даволі скептычна і заклікала суд не звяртаць на іх увагі.   

Вусныя рэкамендацыі не прапісаных у законе утварэнняў у выбарчым працэсе, такіх, як упраўленне арганізацыйна-кадравай работы, аказаліся вызначальнымі пры прыняцці рашэнняў па стварэнні абласной і акруговых выбарчых камісіяў. Судовае паседжанне вёў суддзя Ігар Ярмак, цягнулася яно цэлы дзень. Адметнасцю судовага працэсу было ў Гародні тое, што ён вёўся па беларуску.

***

У Гародні праходзіць паседжанне абласнога суда па скарзе на неўключэнне сяброў партыі БНФ Эдварда Дмухоўскага і Віктара Ешану ў акруговыя выбарчыя камісіі. Прадстаўнік Сойму партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які прадстаўляе заяўніка, патрабуе абавязаць Прэзідыум Рады абласных дэпутатаў і гарадзенскі абласны выканаўчы камітэт прыняць новае рашэнне і ўключыць названых сяброў партыі ў склад камісіяў.

IMG_5185

Эдвард Дмухоўскі — прадстаўнік партыі БНФ, які вылучаўся Соймам БНФ у Гарадзенскую цэнтральную акруговую выбарчую камісію.

Чаму яго ня выбралі ў акруговую выбарчую камісію нумар 51, сябра партыі БНФ Эдвард Дмухоўскі мяркуе так:

— Яны кажуць, што я хуліган і дэбашыр. Ну так, хуліган, хадзіў з бел-чырвона-белым сцягам па Свіслачы. Калісьці бараніў дрэвы — хуліган. Бараніў польскае навучанне ў школе. Нейкія невядомыя людзі калегу валтузілі па асфальце — я заступіўся. Вядома, што пра цябе ўсё напісана, гэта савецкая старая сістэма, калі цябе вызначаюць яшчэ з піянерскіх часоў, што ты не такі чалавек. Пасля цябе дзяўбуць у камсамоле, а потым запіраюць у нейкае войска, каб пажадана для іх ты сюды не вярнуўся. І так яны вызначаюць тваё жыццё: хто ты ёсць і які твой маральны воблік. Хоць гэтыя людзі цябе нават у вочы не бачылі.

На думку Вадзіма Саранчукова вызначальным чыннікам галасавання за сяброў камісіяў сталі рэкамендацыі ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама. Па спісах сяброў акруговых камісіяў, якія былі прадстаўлены суду, відаць, што апрача двух чыноўнікаў мясцовых выканаўчых камітэтаў, у іх прысутнічаюць ідэолагі прадпрыемстваў. Рашэнне суд павінен вынесці сёння увечары. Суд вядзецца па-беларуску.

IMG_5184

Вадзім Саранчукоў прадстаўнік Сойма партыі БНФ у абласным судзе.

IMG_5186

Раман Юргель праваабаронца ад Беларускага Хельсінскага камітэта

***

У абласную  і акруговыя выбарчыя камісіі Гародні абралі толькі аднаго прадстаўніка ад гарадзенскай арганізацыі БНФ. Гэта адбылося на сумесным паседжанні прэзідыума Гарадзенскай абласной рады дэпутатаў і абласной выканаўчай улады, само паседжанне цягнулася больш за дзьве гадзіны.

 

Гарадзенская рада партыі БНФ не згодна з гэтым рашэннем і збіраецца змагацца яшчэ за двух прадстаўнікоў у камісіі. Кажа старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

– Мы вылучалі трох прадстаўнікоў у тры розныя камісіі. Уключаны толькі адзін. Мы лічым, што гэтае рашэнне неправамоцнае, таму сёння я падаў у абласны суд скаргу, дзе мы патрабуем адмены рашэння сумеснага пасяджэння выканкама і аблсавета, а таксама прадастаўлення дакументаў, на падставе якіх адбываўся адбор прапанаваных кандыдатаў.

Паседжанне суда прызначана на пятніцу 1 ліпеня на 11 раніцы.

Агулам у склад абласной і акруговых камісій папярэдне ўвайшло пяць прадстаўнікоў ад апазіцыйных сілаў горада: адзін –  ад Партыі БНФ, тры –  ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і адзін –  ад БСДП (Грамада).

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня