Гарадзенскія актывісты хочуць пракантраляваць працу дэпутата



Грамадскія актывісты з Гародні Анатоль Мышкевіч і Ігар Банцар хочуць, каб дэпутат ад Сувораўскай акругі прымаў жыхароў па месцы, дзе яго абіралі жыхары. Пакуль гэта адбываецца па месцы працы гэтага дэпутата ў іншым раёне горада і прыёмы ажыццяўляюцца толькі ў працоўны час.

d4

Кажа Ігар Банцар:

– Закон выразна прыпісвае, што дэпутат павінен працаваць унутры сваёй выбарчай акругі, а не там, дзе ён хоча. Бо дзіўна атрымліваецца: людзі, якія нібы абралі гэтага дэпутата, на сустрэчу з ім мусяць ехаць праз увесь горад, а не наадварот. Дэпутат павінен працаваць для выбарцаў, прыязджаць на выбарчую акругу на сустрэчы са сваімі выбарцамі.

d3

Анатоль Мышкевіч:

– Нас вельмі зацікавіла пытанне: чаму дэпутат прымае грамадзян там, дзе яму гэта зручна, а не наадварот. Мы ведаем, што грамадзяне, якія часцей за ўсё маюць праблемы, – гэта людзі сталага ўзросту, якія не будуць ехаць на другі канец горада, каб сустрэцца з дэпутатам.

Актывісты падалі зварот у Гарадзенскі савет і цягам тыдня спадзяюцца атрымаць адказ пра дзейнасць дэпутата. Калі адказ іх не задаволіць – будуць пісаць далей па інстанцыях.

d1

d2 Беларускае Радыё Рацыя, Гародня