Гарадзенскія актывісты звяртаюцца да польскіх і літоўскіх дыпламатаў



Просьбу да дыпламатычных прадстаўніцтваў Літвы і Польшчы ў Гародні падпісалі прадстаўнікі дэмакратычных партый: Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

“Гэта выклікана масавымі парушэннямі Канстытуцыі краіны з боку ўладаў у дачыненні да грамадзян у частцы свабоды выказвання думак, шэсцяў, мітынгаў”, – кажа актывіст Сяргей Верамеенка.

– Мы звяртаемся да іх з запрашэннем прыйсці ў суд 14 сакавіка па адрасе вул. Даватара, 2 а 10-й гадзіне. Акрамя таго, мы іх заклікаем прыйсці ў парк Жылібера 15 сакавіка а 18-й гадзіне. Мы хочам запрасіць прадстаўнікоў амбасад з мэтай маніторынгу сітуацыі, якая зараз склалася ў Беларусі. І для таго, каб яны сваё меркаванне і бачанне сітуацыі данеслі да дэмакратычных структур Еўразвязу. 

Заўтра ў Гародні пройдзе разгляд адміністрацыйных справаў за ўдзел у „Маршы недармаедаў” 19 лютага. Актывісты, якіх будуць судзіць, не выключаюць арыштаў, каб не даць ім магчымасць удзельнічаць у чарговай пратэстнай акцыі 15 сакавіка.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара