Global Slavery Index: У Беларусі больш за 44 тысячы рабоў



У Беларусі больш за 44 тысячы рабоў, сведчыць справаздача Global Slavery Index — 2016.

Даследаванне пра рабства ў сучасным свеце правялі арганізацыя Walk Free Foundation і даследчая кампанія Gallup. У ім гаворыцца, што 45,8 млн. чалавек у свеце знаходзяцца ў рабстве, на 10 млн. больш, чым два гады таму.

Як адзначаецца ў паведамленні на сайце Walk Free Foundation, пад рабствам маюцца на ўвазе розныя віды прымусовай працы і прастытуцыі, гандлю органамі і людзьмі, а таксама любыя ўзаемаадносіны, што парушаюць прынцып роўнасці і ўсеагульнага права чалавека на годнасць і свабоду.

У Беларусі ў рабстве, паводле справаздачы, знаходзіцца 44.600 чалавек, або 0,467% насельніцтва. Пры гэтым у рэйтынгу намаганняў урадаў па барацьбе з сучасным рабствам Беларусі прысвоеная катэгорыя ССС. У метадалагічнай частцы даследавання тлумачыцца, што ў гэтую катэгорыю трапляюць краіны з „абмежаванай рэакцыяй на сучаснае рабства, абмежаваным наборам службаў па падтрымцы ахвяр рабства, дзе пад дзеянне крымінальнага кодэкса трапляюць некаторыя віды рабства і праводзіцца палітыка, якая забяспечвае некаторую абарону для уразлівых слаёў”.

У гэтай катэгорыі акрамя Беларусі таксама Казахстан, Кітай, Манголія, Аман, Лаос, Таджыкістан, Эфіёпія, Егіпет.

У даследаванні адзначаецца, што прыблізна 58% усіх сучасных рабоў прыпадае на пяць краін — Індыю, Кітай, Пакістан, Бангладэш і Узбекістан.

Што да найбліжэйшых суседзяў Беларусі, то ў Расеі даследчыкі налічылі 1 млн. 48 тысяч рабоў (0,732% насельніцтва), ва Украіне — 210 тысяч (0,467%), у Польшчы — 181 тысячу (0,476%), Літве — 11,8 тысячы (0,404%), Латвіі — 8 тысяч (0,404%).

belapan.by