Грамадскі актывіст: Нельга губляць веру ў перамены



Гарадзенцы не вераць уладам, журналістам, але подпісы ставяць, спадзяючыся на справядлівыя выбары. З такім парадоксам праходзяць у Гародні пікеты па зборы подпісаў за Міколу Баўсюка ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, які плануе стаць кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Штодзень праходзяць пікеты, а бывае і па два разы на дзень.

IMG_5305

У іх удзельнічае Мікалай Салянік, кіраўнік выбарчага штабу Міколы Баўсюка.

– Зразумела, што не вераць, бо яны прывыклі, што немагчыма змяніць што-небудзь, што немагчыма памяняць гэтую ўладу. Так і кажуць: даўно ўжо выбралі дэпутатаў, дакладней, прызначылі, нічога вы не зробіце, як бы вы не змагаліся, ніякіх вынікаў не будзе. Калі мы ўсе разам будзем так думаць, разважаць, што нічога не зробім, то і нічога не зробім. А як мы будзем думаць, што зможам нешта зрабіць… Вось я ім кажу: тое, што мы збіраем подпісы… няхай улада палічыць гэтыя подпісы і задумаецца. Бо ёсць іншыя думкі ў людзей.

На пікеце, які прайшоў каля універсаму „Брэст” пад бел-чырвона-белым сцягам, падыходзілі гарадзенцы, якія ставілі подпісы. Некаторыя звярталіся са сваімі праблемамі. Перашкодаў правядзенню пікета ніхто не чыніў. Ініцыятыўная група Міколы Баўсюка ўжо сабрала амаль тысячу неабходных для падачы на рэгістрацыю кандыдата у дэпутаты подпісаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара