Група ALDE ў Еўрапарламенце заклікала ЕЗ перагледзець адносіны з Беларуссю



Група ALDE (Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу) у Еўрапарламенце заклікала Еўразвяз перагледзець адносіны з Беларуссю. Адпаведная заява размешчаная на сайце ALDE.

Альянс рашуча асуджае разгон праваахоўнымі органамі акцый пратэсту ў Беларусі.

„У Беларусі тысячы людзей выйшлі на вуліцы для ўдзелу ў мірнай акцыі пратэсту, але былі масава затрыманыя, — адзначыў каардынатар ALDE ў камітэце па замежных справах Еўрапарламента Ханс ван Баален. — Калі Беларусь сапраўды хоча палепшыць адносіны з Захадам і зменшыць залежнасць ад Расіі, яна павінна перастаць прымяняць да апазіцыі і нязгодных жорсткі сілавы падыход. Беларускія ўлады павінны вызваліць усіх палітычных зняволеных неадкладна”.

Член ALDE літоўскі парламентарый Петрас Аўштрэвічус адзначыў, што падзеі ў Беларусі ў мінулыя выхадныя сталі „найгоршым нападам уладаў на бяззбройных цывільных асоб за апошнія сем гадоў”.

„Рэпрэсіі ў дачыненні да пратэстоўцаў у Беларусі беспрэцэдэнтныя па маштабах з 2010 года, — сказаў ён. — На жаль, гэта адбываецца роўна праз год пасля рашэння Савета ЕЗ аб аднаўленні дыялогу з Менскам. Я перакананы, што пазіцыя ЕЗ у адносінах да рэжыму Лукашэнкі памылковая. Яна павінна грунтавацца на больш трывалым падмурку каштоўнасцяў. ЕЗ павінен прыпыніць фінансавую дапамогу, якая ідзе непасрэдна рэжыму Лукашэнкі, а замест гэтага падтрымаць тых, хто імкнецца да еўрапейскай і дэмакратычнай Беларусі. Усе асобы, адказныя за гвалтоўныя дзеянні, павінны быць унесеныя ў санкцыйны спіс”.

25 сакавіка беларуская апазіцыя планавала правесці ў Менску традыцыйны марш з нагоды Дня Волі — гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Менш як за суткі да акцыі Мінгарвыканкам забараніў арганізатарам праводзіць марш па заяўленым маршруце. Акцыя была жорстка разагнаная сілавікамі. Паводле звестак праваабаронцаў, у Менску было затрымана прыблізна 700 чалавек. Затрыманні адбываліся таксама ў іншых гарадах.

belapan.by