Ігар Гузь: Не прызначаць амбасадара ў Беларусь – гэта дыверсія



У Вярхоўнай Радзе абмяркоўваюць беларускія пытанні. З трыбуны ўкраінскага парламента эмацыйна выступіў Ігар Гузь, намеснік старшыні камітэта Вярхоўнай Рады па замежных пытаннях. Практычна ўвесь выступ народнага абранніка быў прысвечаны нашай краіне.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Народны дэпутат Ігар Гузь нагадаў Вярхоўнай Радзе, што вось ужо больш за год у Беларусі няма паўнамоцнага амбасадара Украіны. Народны дэпутат абвінаваціў Адміністрацыю ўкраінскага прэзідэнта ў свядомай дыверсіі і ў руйнаванні ўкраінскай міжнароднай палітыкі.

“Забейце мяне і ўкрыжуйце, але я не магу зразумець, чаму прэзідэнт Украіны не можа знайсці аднаго чалавека і прызначыць яго амбасадарам Украіны ў Беларусі?!” – запытаў Ігар Гузь. “Гэта не Зімбабвэ, не Парагвай і не Манголія, а краіна, з якой мы маем агульную мяжу”, – нагадаў народны дэпутат.

Ігарь Гузь таксама звянруў увагу на нядаўнія ператрусы ў бацькоў беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны.

Народны дэпутат упэўнены, што інтарэсы такіх людзей павінен абараняць і ўкраінскі амбасадар.

Міхаіл Ежэль, папярэдні Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, быў адхілены з пасады Пятром Парашэнкам. Супраць яго ва Украіне ўзбуджана 50 крымінальных спраў па падазрэнні ў карупцыі. Паводле шматлікіх інфармацый з украінскіх медыя, Міхаіл Ежэль хаваецца ў Менску і катэгарычна адмаўляецца вяртацца ва Украіну.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя