Ігар Маслоўскі адказвае Аляксандру Фядуту



Сёння, 3 сакавіка, у сродках масавай інфармацыі, у прыватнасці на сайце naviny.by, з’явіўся артыкул за подпісам літаратуразнаўцы і палітолага Аляксандра Фядуты „Сезон здрадаў. Ці адбудуцца “сакавіцкія іды” ў сацыял-дэмакратаў”. Гаворка ў артыкуле вядзецца аб маючым адбыцца з’ездзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і магчымых спробах “рэйдэрскіх захопаў” у ёй. На закіды палітолага адказвае першы намеснік старшыні партыі Ігар Маслоўскі, які лічыць крытыку Фядуты беспадстаўнай:

– Як можна рабіць такія высновы, не будучы сябрам партыі, не будучы ў кіраўніцтве, не ведаючы сітуацыі. Сённяшняя сітуацыя як раз паказвае, што 26 дэлегатаў ужо падпісалі зварот. Гэта дэлегаты, якія абраныя дэмакратычным шляхам. І калі спадару Фядуту невядома, што такое дэмакратычны шлях, абранне на абласных канферэнцыях, я яму раю, прыйсці ў якасці госця на ўсе нашыя канферэнцыі, якія адбыліся па ўсёй краіне. 26 з 40 делегатаў выказаліся, каб у партыі былі перамены.

Папярэдне з’езд партыі БСДП (Грамада) павінен адбыцца 13 сакавіка. Зараз кіраўнічую пасаду ў ёй займае Ірына Вештард, не без удзелу якой быў “запушчаны механізм” непрызнання часткі дэлегатаў, у прыватнасці з Віцебскай вобласці, – сцвярджае Ігар Маслоўскі. Кіраўніцтву партыі ў сувязі з гэты быў накіраваны зварот з патрабаваннем правесці з’езд на дэмакратычных прынцыпах.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.