Ігар Маслоўскі дамогся публікацыі ў „Вячэрнім Брэсце” сваёй перадвыбарнай праграмы



Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі дамогся публікацыі ў рэгіянальнай газеце „Вячэрні Брэст” сваёй перадвыбарнай праграмы.

Як паведаміў Маслоўскі, яна без якіх-небудзь змяненняў надрукавана ў нумары газеты, які выйшаў 24 жніўня.

Раней „Вячэрнi Брэст” адмовіўся публікаваць яго перадвыбарную праграму. Падставай стаў заклік да выбаршчыкаў не падтрымліваць кандыдатаў ад улады.

У прыватнасці, у праграме кандыдата гаворыцца: „Не падтрымлівайце на выбарах урачоў, ваенных і іншых добрых людзей — яны кандыдаты ад улады. Усе яны добрыя людзі, пакуль на сваім месцы, але ўсе яны залежныя ад начальства і ператвараюцца ў „дрэнных” дэпутатаў! Гэтыя „добрыя” людзі галасуюць за тое, што ім скажуць. Менавіта з іх маўклівай згоды павысілі пенсійны ўзрост, пазбавілі стажу тых, хто служыў у арміі, быў у дэкрэтным адпачынку, вучыўся ва ўніверсітэце і г.д. Менавіта яны падтрымалі падатак на беспрацоўных і нічога не зрабілі для стварэння новых працоўных месцаў”.

З адказу, падпісанага выканаўцай абавязкаў рэдактара газеты, вынікала, што гэта „можа быць расцэнена як абраза ў адрас людзей розных прафесій”. Кандыдату было прапанавана змяніць фармулёўку.

„Пісьмовую адмову мы атрымалі 16 жніўня. На наступны дзень я звярнуўся з вуснай скаргай у акруговую выбарчую камісію, дзе зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты, — сказаў Маслоўскі. — Праз два дні мне патэлефанавалі і запэўнілі, што праграма будзе апублікаваная так, як я яе напісаў”.

На думку Маслоўскага, газета перастрахавалася.

„У СМІ, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца дзяржструктуры, уладу не крытыкуюць. Але я лічу, такая крытыка павінна быць нормай, каб улада ведала меркаванне сваіх апанентаў, а галоўнае, адэкватна на яго рэагавала”, — заявіў палітык.

Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты ў Брэсцкай-Пагранічнай выбарчай акрузе № 4.

БелаПАН