Іван Крук: АЭС – аб’ект палітычнага значэння



Астравецкі актывіст Іван Крук распавёў пра сітуацыю, якая склалася вакол будаўніцтва Беларускай АЭС пад Астраўцом.

Нагадаем, літоўскія СМІ паведамілі на гэтым тыдні, што Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы правярае інфармацыю пра інцыдэнт, які быццам бы адбыўся на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС. Міністр энергетыкі Літвы Рокас Масюліс быў занепакоены гэтай інфармацыяй “у сувязі з бяспекай будучай электрастанцыі”.

Сёння Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі паведаміў, што “гэтая інфармацыя не знайшла свайго пацвярджэння”.

Яшчэ раней міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што вакол БелАЭС пачалася “палітычная вакханалія”.

Іван Крук: Мяркую, што дыму без агню не было, таму пра нешта, відаць, беларускі бок усё ж не хоча ўслых казаць, хаця і ведае. Натуральна, аб’ект сакрэтны, таму так проста нічога асабліва не даведаешся.

РР: Будоўля ідзе поўным ходам?

Іван Крук: Так, але, шчыра скажу, сярод беларусаў, якія там працуюць, ёсць шмат незадаволеных. Там працуе яшчэ і расейская фірма, ёсць расейцы. Дык яны атрымліваюць даволі прыстойныя заробкі расейскімі рублямі. А беларусы атрымліваюць у разы менш. Сярод людзей нават ёсць меркаванне, што крадуць начальнікі гэтыя грошы, бо Расея спансіруе будаўніцтва.

РР: Мясцовыя жыхары задаволены будаўніцтвам АЭС?

Іван Крук: Хтосьці задаволены, некаму не падабаецца. Ды і як гэта можа падабавацца, калі нават расейцы пытаюцца: “Як жа так?! Вы будуеце атамную станцыю ў найпрыгажэйшым, экалагічна чыстым кутку краіны”. Зрэшты, тут многім зразумела, чаму абіралася менавіта гэтае месца для будаўнітцва. Да мяжы з Літвой – краінай Еўразвяза – каля 20 кіламетраў. Гэта не толькі эканамічны, але і аб’ект палітычнага значэння.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя