Ізраіль святкуе Дзень Незалежнасці



Ізраіль адзначае свой Дзень Незалежнасці. Габрэйскай дзяржаве на Блізкім Усходзе спаўняецца 69 гадоў. Па некаторых падліках у Ізраілі пражывае больш за 100 тысячаў выхадцаў з Беларусі. Дата свята рухомая і адзначаецца кожны год у іншы дзень, распавядае беларускі габрэй, сяржант ізраільскай арміі Барыс Давід Балтэ:

– З пункту гледжання грыгарыянскага календара, гэта рухомая дата. Бо ў Ізраілі ўсе святы адзначаюцца паводле габрэйскага календара. Адзначаецца 5 іяра – у той дзень, калі абвесцілі Дзень Незалежнасці. Бо паводле грыгарыянскага календара, гэты дзень абвесцілі 14 траўня. Але грыгарыянскі і габрэйскі календары не кожны год супадаюць.

Ізраіль ствараўся ў складаных умовах. З першага дня краіна была вымушана ваяваць з арабскімі суседзямі, якія не пагадзіліся з пастановай ААН аб падзеле Палестыны. Перад Днём Незалежнасці ў Ізраілі адзначаецца Дзень памяці і смутку. У гэтую жалобную дату ўзгадваюць загінулых у змаганні за свабоду і незалежнасць, а таксама ахвяраў тэрарызму ў мірны час – гэтак у мінулым годзе ў Ізраілі загінула 108 жаўнераў і 11 цывільных грамадзянаў.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Imgnaly.com