Камісія не знайшла ў дзеяннях Саранчукова парушэння заканадаўства



31-га жніўня на агітацыйным пікеце кандыдат ад партыі БНФ Вадзім Саранчукоў распаўсюджваў друкаваную прадукцыю за малы памежны рух. Міліцыя пасля гэтага прасіла ў акруговай выбарчай камісіі даць ацэнку законнасці дзеянняў кандыдата. Тады ж Вадзім Саранчукоў знаёміў  выбарцаў з іншым кандыдатам ад партыі БНФ.

img_5371

Пасля заканчэння паседжання акруговай камісіі №51 Вадзім Саранчукоў распавёў пра вынікі:

– У мяне былі ўзятыя тлумачэнні, суткі яны яшчэ раіліся, і сёння мне было заяўлена, што ў маіх дзеяннях парушэння дзеючага заканадаўства не знойдзена.  Таму мне гэта нічым не пагражае. Усе рашэнні, якія прымаюцца ў гэтай кампаніі камісіямі, палітычна матываваныя. Калі б рашэнне сапраўды разглядалася ў рэчышчы заканадаўства, то яно было б прынятае яшчэ ўчора на падставе вусных тлумачэнняў, якія я даў камісіі. Таму я абсалютна перакананы, што ім быў патрэбны дадатковы час, каб даведацца, як жа сённяшняя адміністрацыя ставіцца да пікету, які я праводзіў.

У Гародні цэлы шэраг акруговых камісіяў прадузята ставіцца да заўваг назіральнікаў. Таксама праз працадаўцаў аказваецца ціск на незалежных назіральнікаў. Некаторых дырэкцыя пазбавіла магчымасці назіраць у асноўны дзень выбараў, паставіўшы ім працоўныя змены ў нядзелю 11-га верасня.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя